Es mācos latviešu valodu. Украінка дапамагае ўкраінскім дзецям вучыцца ў Латвіі

Мы пазнаёміліся з Іннай на курсах па вывучэнні латышскай мовы для беларускіх і ўкраінскіх уцекачоў. Так, і якраз днямі ў нас прайшоў першы занятак на ўзровень С1. Першую гісторыю поспеху па вывучэнні латышскай мовы мы ўжо распавялі. Цяпер чарга другой, не менш захапляльнай і кранальнай.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
Версія тексту українською — тут.

«Украінскім дзецям патрэбная будучыня»

«Я жыву ў Латвіі амаль два з паловай гады. Мы (Інна і яе сямя Ю. К.) прыехалі сюды выпадкова ў сакавіку 2022 года, і я практычна нічога не ведала пра гэтую краіну акрамя той агульнай інфармацыі, якую мы вывучалі ў школе. Як і ўсе, мы ўцякалі ад вайны, і спачатку думалі, што застанемся ў Заходняй Украіне. Але так атрымалася, што той горад, дзе мы спыніліся, патрапіў пад ракетны ўдар. Мы вырашылі, што ўсё ж небяспечна... Спачатку мы паехалі ў Польшчу, доўга думалі, што рабіць далей. Адна наша зямлячка, з якой я пазнаёмілася там, расказала, што ў Латвіі вельмі добра прымаюць і падтрымліваюць украінцаў, што першы час будзе жыллё. Дзяўчына дала нам нумар тэлефона арганізацыі Tavi draugi, мы туды патэлефанавалі і дамовіліся, што нас прымуць.

Мы не ведалі, куды ехаць, куды бегчы, гэта была сапраўды выпадковасць. І я вельмі задаволена, што прыехала менавіта ў Латвію, тут вельмі добрыя людзі, і нам, як кажуць, грэх скардзіцца.

Я працую ў Каўгуры памочнікам настаўніка з дзеткамі з Украіны, я ім дапамагаю адаптавацца да вучобы. Латышская мова мне вельмі патрэбная, на працы на ёй я ўвесь час размаўляю. Гэта адна з маіх матывацый — чым лепш я ведаю латышскую, тым больш я магу дапамагаць нашым дзецям. Усе разгубленыя,

асабліва першы год быў цяжкі: ніхто не ведаў, што рабіць, хапаліся за любую магчымасць, за кожную, як кажуць, нітачку.

Бо ўкраінскім дзецям трэба вучыцца далей, ім патрэбна будучыня. Мы, дарослыя, ужо навучыліся, у нас ёсць прафесія, а ў іх жа ўсё жыццё наперадзе.

Ужо праз месяц пасля таго, як я прыехала, я пайшла працаваць з дзеткамі — гэта былі і малодшыя класы, і старэйшыя — ім трэба было неяк дапамагаць.

Мая дачка (ёй чатыры гады, яна ходзіць у латышскі садок) ведае даволі шмат слоў: і колеры, і жывёл. Размоўную дзіцячую мову яна разумее, назвы прадметаў, ежу — тое, што яна ў садку пастаянна чуе, тое ж яна выкарыстоўвае кожны дзень і дома.

У нас вельмі шмат кніг для дзяцей: жывёлы, лічбы і падобнае.

Я б хацела, каб яна ведала і ўкраінскую, і рускую мовы.

Руская для нас — гэта мова міжнацыянальных зносін, так склалася на дадзены момант. Таму вучым адначасова тры мовы».

«Паўсюль намагаюся размаўляць на латышскай»

«Першае слова на латышскай, якое я свядома вывучыла — гэта было labdien. Складана было вымавіць гэтае слова мякка (ва ўкраінскай мове шмат цвёрдых гукаспалучэнняў Ю. К.). Памятаю, у першы дзень, як мы прыехалі, я паўтарала слова labdien разоў дваццаць, каб правільна яго вымавіць.

Я пачынала вучыць латышскую самастойна з элементарных, самых простых слоў і фраз, якія ўжываюцца часцей за ўсё і з’яўляюцца асновай зносін.

А далей былі моўныя курсы з Сандрай Кіўленіецэ (Sandra Kivleniece) — цудоўнай выкладчыцай, без якой я не змагла б вывучыць латышскую з нуля і да ўзроўню B2. І цяпер, калі я працую з дзецьмі, я стараюся браць прыклад з Сандры. Яна ўкладае ў нас шмат цярпення і намаганняў. Я вельмі ёй удзячная.

У гімназіі ў Каўгуры, дзе я працую, мае калегі мне ўвесь час дапамагаюць, бо пастаянна ўзнікае неабходнасць нешта высветліць.

Я магу падысці ў любы момант і атрымаць дапамогу: падручнік, кнігу, адказы на працоўныя пытанні. У мяне вельмі добразычлівы калектыў.

У асноўным у Каўгуры латышскамоўнае насельніцтва. Я і сама стараюся ў краме, у цягніку — паўсюль — размаўляць на латышскай».

«Калі я пачну па-сапраўднаму добра разумець дзяцей значыць, я ўсё зрабіла слушна»

«У ліпені 2024 года я здала дзяржаўны іспыт на веданне латышскай на ўзровень В2 з агульным вынікам 95 працэнтаў. Да гэтага я здавала іспыт на А2, вельмі старанна рыхтавалася і да апошняга дня практычна не хвалявалася. Калі не здам — значыць, я дрэнна рыхтавалася, і трэба старацца больш.

Страшна было ўжо менавіта ў дзень здачы іспыту, я думала: “Божа ж мой, я ж нічога не ведаю!”.

Мусіць, усе так думаюць (смяецца).

Па відзе дзейнасці мне трэба разумець маленькіх дзетак. Гаворка ў іх не такая, як у дарослых, тыя кажуць правільна, прыгожа, выразна. А гэта — дзеці: яны размаўляюць хутка, яны ўстаўляюць свае нейкія словы, нехта літару “р” дрэнна скажа. Вось калі я пачну вельмі добра разумець, што кажуць дзеткі, напрыклад, у садку, калі я прыходжу за сваім дзіцём, і ў школе, дзе працую... Калі я пачну па-сапраўднаму добра разумець дзяцей — значыць, я ўсё зрабіла слушна».

«Я пішу, я слухаю на латышскай і гэта працуе»

«Я пішу ад рукі, у мяне ёсць маленькія каляровыя стыкеры, якія я клею ў шафу сабе: адчыніла шафу — і новыя словы перад вачыма. У мяне ёсць запісы на вялікіх аркушах — у мяне цяпер перад мыйкай на кухні такі аркуш. Мыю посуд — і між іншым паглядзела, пачытала, што напісана. У мяне каля кухоннай пліты, у ваннай каля ракавіны, па ўсёй хаце могуць быць аркушы з латышскімі словамі, тэкстам, тым, што мне важна, што я хачу запомніць. І так, займаючыся штодзённымі справамі, ходзячы па хаце — кінула погляд — і запомніла.

Я слухаю на папулярным відэасервісе бясплатныя ўрокі па вывучэнні латышскай — там заўсёды можна адкруціць запіс назад і пераслухаць, калі нешта ўпусціла. На радыё, тэлебачанне ў мяне часу няма, я на такое час не марную.

Магу пачытаць і дапаможнікі, размоўнікі, усё гэта ў мяне ёсць — але гэта ўсё займае шмат часу.

А ў мяне маленькае дзіця, малая хоча пагуляцца. Таму часцей за ўсё — я пішу, я слухаю. І так кожны дзень, з дня ў дзень, ужо больш за два гады запар я ўключыла латышскую мову ў сваё штодзённае жыццё. Запісы і стыкеры, якія ў мяне па ўсім доме, я перыядычна мяняю на новыя. Гэта дзейнічае, я запамінаю ўсё. Вядома, часам словы забываюцца, асабліва тыя, якія я рэдка ўжываю».

«Я не ведаю, дзе мы будзем жыць праз месяц, праз год»

«Я далёка на будучыню не думаю. Я ўжо адзін раз распланавала сваё жыццё (а потым пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну Ю. К.). Вядома, я не магу сказаць, што жыву сённяшнім днём, часам я разважаю пра будучыню, але

нейкіх глабальных планаў я не будую, бо бачу, што гэта не працуе. Страшна расчаравацца,

потым ты адчуваеш бездапаможнасць, бо задумаеш адно — а атрымліваецца іншае.

Дзякуй Богу, у Латвіі мірна, ціха, дзіця можа расці, не чуючы і не бачачы жахаў вайны. Усё, што я магу сказаць — дзякуй Латвіі, якая нам так дапамагае, і тут, і там (ва Украіне Ю. К.). Я не ведаю, дзе мы будзем жыць праз месяц, праз год. Адзінае, у чым я ўпэўненая цвёрда — што мне падабаецца працаваць з дзецьмі ў пачатковай школе і пакуль я бачу сябе ў гэтай прафесіі. Мне падабаецца, калі я бачу вынік, калі вучні кажуць: “Дзякуй, мы зразумелі”, калі я пераконваюся ў тым, што рэальна дапамагла камусьці. Для мяне зараз дзеці на першым месцы».

* * *

У маім народзе кажуць: хочаш рассмяшыць Бога — раскажы яму пра свае планы. Пакуль я пісала гэты матэрыял, успамінала гэтую прыказку не аднойчы. На мой погляд, ёсць дзве галоўныя рысы, якія адрозніваюць працоўнага мігранта ці чалавека, які едзе ў іншую краіну дзеля паляпшэння матэрыяльнага становішча, ад уцекача.

Першая: працоўны мігрант пакідае радзіму выключна па сваёй волі, і ён можа туды вярнуцца ў любы час, калі захоча. Уцякач вымушаны збягаць, часцяком — у самым прамым сэнсе, і з адным заплечнікам за плячыма, і з квітком у адзін канец.

Другая: працоўны мігрант свядома выбірае краіну, дзе ён хоча ўсталявацца, нярэдка абапіраючыся, напрыклад, на агульнае эканамічнае развіццё краіны і іншыя матэрыяльныя паказнікі. Ва ўцекача часу на выбар няма: ён знаходзіцца ў небяспецы, і як правіла, апынаецца ў краіне, якая становіцца для яго прытулкам, зусім выпадкова. І, як вы можаце зразумець, дарагія чытачы, у падобнай сітуацыі планаваць далёка наперад сваё жыццё немагчыма. Уявіце сабе, як гэта — жыць у поўнай нявызначанасці і кожны дзень намацваць, крок за крокам, глебу пад нагамі і шукаць новую апору.

Латвія першая прапанавала нам дапамогу, і таму мы тут. І мы радыя, што наш лёс склаўся менавіта такім чынам.

Liels paldies, Latvija. Mēs esam Tev neizmērojami pateicīgi. Tu izglābi mūsu dzīvības.

Працяг будзе.

Памылка ў артыкуле?

Вылучыце тэкст і націсніце Ctrl+Enter, каб даслаць выпраўлены фрагмент тэксту рэдактару!

Калі ласка, вылучыце ў тэксце адпаведны фрагмент і націсніце Паведаміць пра памылку.

Падобныя артыкулы

Яшчэ