● Гэта — арыгінал артыкула на беларускай.
Перевод на русский — здесь.
У Рызе 30 кастрычніка ў капэле касцёла Маці Божай Журботнай адбылася паніхіда па расстраляных літаратарах, ахвярах Чорнай ночы. Паніхіду на беларускай мове правёў парох грэка-каталіцкай (УГКЦ) парафіі Праабражэння Госпада нашага Ісуса Хрыста ў Рызе айцец Раман. Пасля набажэнства прагучалі вершы загінулых паэтаў i былi запалены памінальныя знічы.
«У гісторыі Беларусі і Украіны ёсць агульныя старонкі чырвонага тэрору, накіраванага на вынішчэнне нацыянальнай творчай інтэлігенцыі. У гісторыі Латвіi савецкая ўлада пакінула такі ж самы крывавы след. Пік рэпрэсій на Беларусі прыпадае на чорную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі ў Мінску адначасова расстралялі каля 140 чалавек, ва Украіне гэта дата — 3 лістапада, у Латвii — 3 лютага 1938-га, калі была расстраляныя артысты і працаўнікі тэатра “Скатуве”», — сказала Марыя, актывістка аб’яднання беларусаў Латвіі Supolka.
На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі парламенцкай Групы падтрымкі Дэмакратычнай Беларусі, МЗС Латвіі, амбасадор па асобых даручэнні Гунта Пастарэ (Gunta Pastore), а таксама былы амбасадар Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эйнарс Семаніс (Einars Semanis).
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску было забіта больш за сто беларускіх дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў культуры і навукі. Гэтая трагічная дата вядомая як «Ноч расстраляных паэтаў». Чорная ноч стала самым трагічным момантам на хвалі маштабных рэпрэсіяў супраць беларускай інтэлігенцыі. Яна працягвалася з 1929 па 1938 гады і была накіравана на знішчэнне творчых людзей, настаўнікаў, дзяржаўных служачых, навукоўцаў, якія падтрымлівалі беларускую нацыянальную ідэю.
З 2017 года група актывістаў штогод пачала ладзіць 29 кастрычніка ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам «Ноч расстраляных паэтаў», прысвечаную памяці рэпрэсаваных творцаў з чытаннем іх вершаў і выступамі. У 2020 годзе было праведзена апошняе такое мерапрыемства, у наступныя гады праз палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі гэта дата адзначаецца беларускай эміграцыяй. Сёлета беларускія дыяспары арганізавалі вечары памяці ў 28 гарадах свету.