● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
Пасля пасадкі самалёта Ryanair на беларускую зямлю на Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу (тут мы не будзем закранаць яе асобу, гэта тэма для асобнага артыкула), якая ляцела разам з ім, надзелі кайданкі. Беларускім «судом» ён быў асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі. У адказ Еўрапейскі звяз увёў забарону на палёты беларускіх авіякампаній у паветранай прасторы ЕС. Таксама быў абмежаваны экспарт калійных угнаенняў — адной з ключавых крыніц даходаў беларускага рэжыму. Па ацэнках розных крыніц, страты толькі ад санкцый у 2022 годзе склалі больш за 1 мільярд долараў. Як вам такая сума, якую беларускі рэжым патраціў, каб затрымаць аднаго журналіста?!
Але што гэта за Nexta?
Nexta — гэта тэлеграм-канал, які набыў вялізарную папулярнасць у Беларусі ў 2020 годзе. На піку колькасць падпісчыкаў перавысіла 2 мільёны. Памятаю, што частку інфанагодаў мы, журналісты, таксама чэрпалі з гэтага канала. Nexta публікаваў шмат інфармацыі, якую дасылалі простыя беларусы праз чат-бот. Такім чынам, Nexta стаў сапраўдным «народным» медыя. Але з асабістага досведу магу сказаць, што частка інсайдаў была той самай «мыльнай бурбалкай» і лопалася пры фактчэкінгу.
Напрыклад, адной з начэй 9-11 жніўня 2020 года, калі інтэрнэту амаль не было ў краіне (яго заблакавалі чыноўнікі), Nexta публікаваў інфармацыю, што ў Баранавічах, Пінску і іншых гарадах Беларусі сілавікі перайшлі на бок народа. А ў Мінску каля ўнівермага «Рыга» людзі ў форме склалі шчыты. Перамога!
Памятаю, мы спяшаліся з рэдакцыі ў гэты раён горада, каб убачыць на ўласныя вочы і зафіксаваць гэты момант. І што мы ўбачылі? Як сілавікі жорстка збівалі людзей, прыкрываючыся тымі ж самымі шчытамі. Праз некалькі гадзін калегі з іншых гарадоў паведамілі, што інфармацыя пра Баранавічы і Пінск таксама была фэйкам. З таго моманту мы ў рэдакцыі перасталі выкарыстоўваць Nexta як крыніцу інфармацыі.
18 траўня 2021 года Nexta быў прызнаны экстрэмісцкім у Беларусі.
Хто такі Раман Пратасевіч?
Мае жыццёвыя і прафесійныя дарогі не перасякаліся з Раманам (ён значна маладзейшы за мяне), таму я яго асабіста не ведаю. Але я ведаю тых, хто працаваў з ім. Таксама памятаю, як Пратасевіч стаў журналістам-мемам у Twitter, калі праз два-тры тыдні публікаваў у сетцы новае месца працы.
На маю думку, Пратасевіч паспеў папрацаваць амаль ва ўсіх незалежных рэдакцыях Мінска. Раман неўзабаве знік з медыйнай прасторы пасля адной гісторыі, калі адзін і той жа тэкст яго аўтарства быў апублікаваны амаль ва ўсіх медыя Беларусі...
У медыя Пратасевіч з’явіўся зноўку ў 2020 годзе ў рэдакцыі Nexta, якая ўжо знаходзілася ў Варшаве. А далей… самалёт з ім на борце прымусова пасадзілі ў Мінску.
Памятаю, у тую нядзелю я перапісваўся з калегамі, якія казалі, што такая гісторыя з прымусовай пасадкай магла адбыцца толькі з Раманам. Мне ж было шкада хлопца, бо мы ўжо бачылі «магчымасці» сілавікоў...
Беларускае тэлебачанне
Праз некалькі дзён пасля затрымання Раман з’явіўся ў адной з найбуйнейшых прапагандысцкіх праграм на тэлебачанні. Яго выгляд быў не самым лепшым: на руках былі сляды ад кайданкоў, хлопец быў зламаны маральна…
«Я магу сказаць толькі тое, што пераасэнсаваў для сябе многія рэчы. Я больш ніколі не хачу лезці ні ў палітыку, ні ў якія-небудзь спрэчкі. Я проста хачу спадзявацца, што змагу ўсё выправіць, стварыць сям’ю, дзяцей і жыць спакойным жыццём».
Пасля вядучы шоу запытаў Рамана, ці паважае той Лукашэнку, Пратасевіч адказаў станоўча.
Не ведаю, якой была б мая прамова ў такім становішчы. Час ад часу пракручваю «запіс» такога відэа са сваім удзелам… Ведаеце, нават у эміграцыі ёсць дробная частка беларусаў, якія пры неабходнасці гатовыя да любога сцэнара. У 2020 годзе было відэа, як сілавік затрымліваў удзельніка маршу ў адной з кватэр, куды яго пусцілі жыхары раёна, дзе ішла калона. І вось чалавек у балаклаве на відэа кажа: «Ты ў любым выпадку пойдзеш са мной: з болем альбо без болю. Вырашай...»
Што давялося перажыць Раману, калі яго затрымалі?
Гэтае інтэрв’ю-допыт абмяркоўвалі ўсёй краінай — людзі разумелі, што словы журналіста гучаць пад прэсам і пагрозай жыцця.
Але ўжо на той час мы ведалі гісторыі затрымання незалежнага журналіста Мікалая Дзядка, адваката Максіма Знака, актывісткі Марыі Калеснікавай, журналіста Ігара Лосіка… Іх не паказвалі на тэлебачанні. Але ці маем мы права асуджаць?
36 журналістаў і каля 771 палітычнага зняволенага сёння знаходзяцца ў турмах Беларусі. Каля 273 зняволеных застаюцца ў невядомым статусе, і іх месцазнаходжанне не ўстаноўлена праваабаронцамі.
Пасля з’яўлення на тэлебачанні Раман Пратасевіч быў змешчаны пад хатні арышт. Мінскі «суд» прысудзіў Пратасевічу 8 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 24,5 мільёна беларускіх рублёў (прыкладна 6 952 200 еўра).
22 мая 2023 года Пратасевіч быў памілаваны беларускімі «ўладамі», і вялізарны доўг, які раней яму прысудзілі, — даравалі. За якія заслугі?
А напрыканцы верасня Раман Пратасевіч наведваў Дубай, дзе ён быў у адпачынку. Чаму ён не збег? Якія сілы прымусілі хлопца вяртацца ў таталітарную краіну? Ці яго паездка — гэта пастаноўка ад беларускай «улады», якая такім чынам паказвае Захаду, што ў краіне «адліга»? Нагадаю, праз тры месяцы рэжым ладзіць новыя выбары ў Мінску…
«Ліберальная» размова
Ведаеце, я не маралізатар і не жадаю Раману нічога дрэннага ў жыцці.
Добра, што хлопец пазбег лёсу журналістаў, якія і сёння за кратамі. Але што гэта за лайфхак? Чаму астатнія не скарысталіся ім?
Чаму менавіта яго абралі на ролю прасоўвання інтарэсаў беларускай прапаганды?
Некалькі тыдняў таму ў сеціве з’явілася «інтэрв’ю» Рамана з Ксеніяй Сабчак. Глядзець гэтае відэа — сапраўдная пакута. Але як было здымацца ў ім? Што на сэрцы ў Рамана? Як там з сумленнем?
Зразумела, што вядучая — Ксенія Сабчак — адбывала пакаранне пасля «голай вечарыны», а Пратасевіч павінен зноў хваліць рэжым, бо рукі памятаюць кайданкі... Размова двух палонных, не інакш. Але цікава зразумець, навошта гэта самой «уладзе».
Я хачу прапанаваць некалькі тлумачэнняў.
Па-першае, беларуская ўлада прызнае, што ўся беларуская машына прапаганды не можа паўплываць на тую частку насельніцтва, якая з’ехала з краіны. З 2020 года з Беларусі, па розных ацэнках, эмігравала да 600 тысяч чалавек. У розных галінах прамысловасці ў Беларусі — кадравы голад. «Улады» нават стварылі камісію па вяртанні ўсіх, хто жадае. А жадаюць — літаральна тры чалавекі. Таму яны і
«папрасілі» Сабчак пагутарыць на цікавыя для «ўлады» тэмы. Хутка ж выбары!
Новыя «выбары прэзідэнта» Беларусі прызначаны на 26 студзеня 2025 года. І, улічваючы, што ёсць задача паўплываць на частку людзей, якія аселі ў Еўропе, выбралі расійскую ліберальную журналістку. Вы ж памятаеце з маіх ранейшых тэкстаў, што Беларусь жыве ў інфармацыйным вакууме Расіі? Але яны не ўлічылі, што
Сабчак ужо даўно не выклікае даверу.
Па-другое, з гэтай размовы мы даведаліся, што былы «вораг народа», якім быў Пратасевіч яшчэ тры гады таму, становіцца мастком для «ўцекачоў». Ёсць жаданне вярнуцца ў Мінск? Пішы Раману, і ўсё будзе добра!
Галоўны наратыў сюжэта — калі рэжым выправіў і прабачыў Рамана, сёння ён просты беларускі хлопец, які працуе на заводзе, — астатніх таксама выправяць. Але якім чынам? І чаму ўвогуле мы павінны яму верыць? Свабода — гэта не тое, што можна вымяраць грашыма ці палітычнымі бонусамі. Свабода — гэта жыццё ў згодзе з сабой. Цікава, якая размова ў Рамана з самім сабой?
Ведаеце, на здымку Раман прыйшоў пад наглядам вядомага беларускага прапагандыста Азаронка. Ёсць яшчэ меркаванне, што з імі было некалькі супрацоўнікаў КДБ. Вось вам і адліга.
Памілавалі 115, а затрымалі — 134
Аўдыторыя гэтага інтэрв’ю — беларусы, якія прынялі рашэнне пакінуць сваю краіну. І ведаеце, ніхто з тых, з кім я абмяркоўваў відэа, не верыць «уладам» у асобе Рамана. Гэта бачна і па каментарах пад відэа, значная частка з 8000 — пра «галодныя гульні»... акаем яшчэ анансаваныя Пратасевічам відэа?
Але выпускаць патрэбна не відэа, а людзей з-за кратаў. І больш не затрымліваць. Гэта будзе найлепшая рэклама пераменам у краіне! Ведаеце, у верасні былі навіны, што рэжым памілаваў 115 палітзняволеных, а наступнай раніцай... затрымалі яшчэ 134! Ёсць версія, што гэтую частку людзей рэжым абмяняў на... запчасткі для «Белавіа». Вечны рухавік!
А што адбудзецца з тымі, хто даверыцца Раману?
Ці застаўся Раман Пратасевіч незалежным журналістам? Калі ад сумлення, то — так. Ці стаў ён закладнікам «чырвона-зялёных»? Безумоўна! Ці верыў ён да канца ў перамогу? Ці было ў хлопца жаданне зрабіць краіну сапраўды вольнай? Альбо гэта быў толькі кураж, які ён атрымліваў з тэлеграм-канала... Складанае пытанне. Як і тое, якія абставіны прымусілі яго перайсці ў іншы лагер.
Пытанне яго сумлення — адкрытае пытанне. Лёгка кідаць камень у хлопца, калі ты па-за плотам. Відавочна адно — сёння Раман — саўдзельнік прапаганды.
Чаму ён зрабіў такі выбар і пад якім уплывам, мы дазнаемся калі-небудзь. Даведаемся ж? А пакуль, на жаль, Пратасевіч — шрубок сістэмы, якой няма даверу.
…«Афіцыйны» Мінск працягвае эксплуатаваць жаданне вярнуцца дадому, ствараючы ілюзію магчымасці вяртання «на родную зямлю», але на сваіх умовах. Што гэта за ўмовы? Які кошт сумлення?