● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
Беларусы Аляксандр і Яўгенія — не з тых вандроўнікаў, што выбіраюць пракладзеныя шляхі, выконваючы стандартны план «музеі-помнікі-шопінг-шпацыр па променадзе-рэстаран». Сямейная пара за сваё жыццё паспела наведаць даволі шмат краін, у тым ліку Індыю, В’етнам, Ямайку. Ёсць з чым параўноўваць. Пасля падзеяў 2020 года ў Беларусі маладзёны вымушаныя былі пакінуць радзіму і цяпер жывуць у Рызе. Якім яны бачаць свой новы дом — Латвію?
Горад, дзе нараджаецца вецер — першае знаёмства з Латвіяй і першая любоў да яе
— Мы імкнемся выбірацца з Рыгі ў падарожжы практычна кожныя выхадныя, асабліва ў сезон, — пачынае Аляксандр. — Калі не лічыць Юрмалу, якую наведвае кожны чалавек, што прыязджае сюды... А яе, дарэчы, складана назваць турыстычным кірункам. Бо ў разуменні мясцовых, па сутнасці, гэта проста паездка на мора побач з Рыгай. Занадта блізка да сталіцы, каб называцца турызмам. Юрмала нас не вельмі ўразіла нават тады, калі для нас усё было новае і цікавае. Зрэшты, нам спадабаліся разьбяныя драўляныя дамы, і вядома, багатыя катэджы таксама.
— Адзінае месца ў Латвіі, дзе мы былі яшчэ да таго, як пераехалі сюды — гэта Ліепая, — прызнаецца Яўгенія. — Напэўна, для мяне гэта самая любімая кропка на мапе Латвіі.
Мая любоў да гэтага горада складаецца эмацыйна. Я там была тры ці чатыры разы, і кожны раз Ліепая была рознай. Складана апісаць, якая яна, але ў ёй заўсёды ёсць момант суровасці,
яна вельмі ветраная, там шмат «заброшак» і нават неўладкаванасці. Напрыклад, умацаванні, якія засталіся з часоў Першай сусветнай вайны, падарваныя і раскіданыя ў моры. Вельмі ўражвае. Гэта адзін з гарадоў, які стаіць на адкрытым моры. І хоць у Рыжскага заліва ёсць курорты, людзей, якім пашчасціла жыць тут, усё роўна цягне да адкрытага мора: хвалям, стыхіі і прасторы.
— Спалучэнне горада з прыродай у Ліепаі цікавае, — дадае Аляксандр. — Асабліва раён Кароста, раён пяціпавярховак, які пасля развалу СССР пакінулі вайскоўцы, і раён гэты не вельмі запатрабаваны, але ён знаходзіцца якраз на беразе мора. І выглядае гэты пейзаж уражліва.
— І пясок на гарадскім пляжы Ліепаі практычна белы, без жаўцізны... — заўважае Яўгенія. — Яшчэ ў 2015 годзе, калі мы і не думалі пра тое, што давядзецца з’ехаць з Беларусі, мы ездзілі ў Ліепаю, таму што даведаліся, што там танна на той момант прадавалася жыллё. Кватэру можна было купіць за 2 тысячы еўра (са зрэзанымі радыятарамі, праўда), а за пяць тысяч купіць цалкам прыдатнае для жыцця жыллё. Тады мы разумелі, што ў нас не будзе магчымасці рабіць візы, каб часта прыязджаць у Латвію, і набыць нічога так і не адважыліся.
— Латвія цудоўная вось яшчэ чым. Калі ў цябе ёсць аўтамабіль, то большасць месцаў можна наведаць літаральна за адзін дзень, без начоўкі, — адзначае Аляксандр. — Ліепая якраз да гэтага спісу не адносіцца, але, як правіла, мы здымаем на суткі кватэру, а не гатэль — танней і можна самім гатаваць, хоць выбар жылля, дарэчы, у гэтым горадзе не такі вялікі, як, напрыклад, у Вентспілсе. І банальна здымаючы кватэру на папулярным сэрвісе арэнды, мы ніколі не патраплялі ў непрыемную сітуацыю і не былі ашуканы.
Моц Латвіі — у малых гарадах і старажытных лясах
— У маім асабістым рэйтынгу на першым месцы ў Латвіі — гэта прырода: лясы, азёры, рэкі. Тут вельмі зручна хадзіць у паходы з намётамі, і гэта наш любімы занятак яшчэ, як той казаў, з «мінулага жыцця», — распавядае Аляксандр. — У параўнанні з Беларуссю
Латвія выгадна адрозніваецца тым, што тут мноства добра абсталяваных пляцовак для адпачынку ў лесе:
мангалы, альтанкі, месцы для развядзення вогнішчаў. І практычна заўсёды можна знайсці вольнае месца, і часам нават ты будзеш першым і адзіным наведвальнікам. Праўда, для ўсамотнення на прыродзе трэба ад’ехаць ад Рыгі не менш за сто кіламетраў, інакш хутка да цябе абавязкова нехта далучыцца. Мы выкарыстоўваем дадатак Latvijas valsts meži абсалютна кожны раз, калі выбіраемся за горад, і ў ім знаходзім месцы для стаянкі. З самых маляўнічых мясцін я назаву Гаўйскі нацыянальны парк. Так што турыстычныя паходы з намётамі вельмі добрыя па Латвіі, адзінае, трэба, каб быў свой аўтамабіль.
Другое месца — гэта Кулдыга. На маю думку, моц Латвіі — у малых гарадах. Кожнага госця, які да нас прыязджае, мы возім туды, і яшчэ ніхто не застаўся абыякавым.
У Кулдыгі ёсць свой унікальны шарм, вайб, атмасфера…
складана гэта растлумачыць. І мы заўсёды туды едзем на адзін дзень, то-бок яна выдатна пасуе для паездкі выхаднога дня. Трэцяя ў маім топе ў Латвіі — Ліепая, чацвёртае месца ў Цэсіса. Прычым нават не столькі замак, а само гарадское асяроддзе, у горада ёсць свой твар, свае адчуванні. Любім шпацыраваць па вулках Цэсіса. І па дарозе з Рыгі да Цэсіса ёсць мноства прыродных аб’ектаў, вартых любавання: Гаўя, высокія берагі, скалы, пячоры, пяшчанікі, абрывы.
— І пятай я назаву Колку, — падхоплівае Яўгенія, — дзе адкрытае мора сустракаецца з залівам, і там вельмі белы пясок, і бірузовыя хвалі.
— Так.
Калі ехаць у Колку на машыне ўздоўж марскога ўзбярэжжа, то сама дарога вельмі цікавая,
там усюды курортныя пасёлкі, у тым ліку і гістарычныя месцы — працягвае Аляксандр. — Там заўсёды ёсць, дзе спыніцца. Нас уразіў пасёлак Роя. Дарэчы, там ёсць вельмі атмасфернае бістро, спалучанае са звычайнай сельскай крамай, абстаўленае хэнд-мэйд рэчамі. Унікальнае месца, якое нечым нагадвае нам сталоўку з ранейшых часоў. Ну і мясціны, звязаныя з лівамі, варта паглядзець.
«Па бюджэце гэта зусім няшмат — а ўражанняў поўныя кішэні»
Беларуска Марына, якая таксама пакінула сваю краіну пасля хвалі пратэстаў і рэпрэсій 2020 года, ужо больш за два гады з мужам і двума дзецьмі жыве ў Рызе.
— Не магу сказаць, што дастаткова часта езджу па Латвіі з Рыгі. Часам усёй сям’ёй адпраўляемся ў паездкі выхаднога дня, але часцей здзяйсняем аднадзённыя паездкі. Гэта дапамагае расслабіцца і атрымаць новыя ўражанні, — разважае Марына.
— За першае лета ў Латвіі я пабывала шмат дзе: у Facebook знайшла групу, якая сплаўлялася на байдарках па розных рэках Латвіі (не было праблемы знайсці месца ў машыне, каб дабрацца да пачатку сплава, таму што я была адна — дзяцей у Латвію прывезлі толькі да пачатку навучальнага года). Першая паездка была па рацэ Салаца, я ўбачыла мноства пячор, гротаў і Пявучую Гару. Тым жа летам быў паход уздоўж узбярэжжа Рыжскага заліва ў бок мыса Колка. Там я з новай знаёмай начавала ў намёце ў вельмі маляўнічым месцы.
У цэлым
варыянт начлегу ў намёце ўлетку падабаецца і мне, і дзецям, але без машыны з такім багажом далёка не з’едзеш,
таму ў асноўным плануем без начлегаў. Калі ўсё ж адправіцца ў горад, то жыллё трэба. Так, у Вентспілсе і Ліепаі — здымала. Але яно таго вартае — мне вельмі падабаецца там мора і хвалі.
Галоўным чынам мы вандруем улетку, у час адпачынкаў, добрага надвор’я і мноства цікавых мерапрыемстваў і фэстаў. Зімой абмяжоўваемся паездкамі на мора недалёка ад Рыгі, — кажа Марына.
Пяцёрка ўлюбёных мясцін Марыны ў Латвіі:
- Мыс Колка — вельмі прыгожае і духоўна моцнае месца
- Ліепая — мора і архітэктура, людзі і музыка
- Балота каля Кудры (абавязкова ў адмысловых балотных ботах)
- Цэсіс — палац з рамеснікамі і фестываль «Лямпа»
- Сцежка захаду сонца (Saulrieta taka) у Саўлкрасты — тут можна праясніць розум, назіраючы захапляльны закат, і недалёка ад Рыгі
— Вядома, хацелася б убачыць яшчэ многія месцы ў Латвіі — у мяне нават ёсць невялікі спіс жаданняў — але ёсць абмежаванні па часе (таму што яго не так шмат), маршрутах (не ўсё будзе цікава дзецям, а тое, што цікава дзецям, не заўсёды цікава мне), і па дасяжнасці (без машыны ў многія месцы не дабрацца), — пералічвае Марына асаблівасці сямейнага адпачынку. — Але ў цэлым я лічу, што для ўнутранага турызму перш за ўсё неабходныя жаданне і кампанія. Цяпер у адпаведных групах у Facebook можна знайсці шмат цікавага: сплавы па рэках, пешыя і роварныя паходы —
людзі нешта плануюць і шукаюць спадарожнікаў.
Каб убачыць шмат цікавага ў незнаёмай (а пакуль большая частка Латвіі мне не знаёмая) краіне і ў той жа час сустрэць новых людзей — я выбіраю такія варыянты з груп у сацыяльных сетках. Па бюджэце гэта зусім няшмат — а ўражанняў поўныя кішэні.
* * *
Я згодна з маімі суразмоўцамі ў тым, што лепш за ўсё спазнаецца душа народа, калі едзеш у маленькія гарады і вёскі. І — прызнаюся, вядома, у мяне таксама ёсць мая любімая пяцёрка: Тукумс, Вентспілс, Яўнпілс, Сігулда і Кемерскі нацыянальны парк. І калі Яго Вялікасць надвор’е дазволіць — у жніўні яшчэ можна паспець наведаць шмат выдатных месцаў Латвіі.