Беларусы Латвіі: Свабода — вельмі вялікая ўніверсальная каштоўнасць. Частка I

Звярніце ўвагу: матэрыял апублікаваны 1 год і 3 месяцы таму

Сёння, слухаючы гісторыі сваіх суайчыннікаў — беларускіх бежанцаў, для якіх Латвія стала другім домам, я зразумела, што ганаруся знаёмствам з імі. Усе яны — неверагодна моцныя, смелыя і разумныя людзі. Цвет маёй нацыі. Беларусы расказваюць пра тое, як яны апынуліся тут, пра свой досвед жыцця ў новай краіне. А таксама пра грамадскую арганізацыю «Суполка», якую яны стварылі ў Латвіі, каб падтрымліваць адно аднаго і родную Беларусь, захоўваць сваю нацыянальную культуру. Так, імёны ўсіх суразмоўцаў змененыя, і не, фатаграфій не будзе: ва ўсіх у Беларусі сваякі.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

«Cуполка» ў перакладзе з беларускай — «грамада», «кампанія», «арганізацыя» для сумеснай дзейнасці вольных людзей. Цікава, што ў латышскай мове ёсць слова sapulce, блізкае беларускаму і па гучанні, і па сэнсе. Яшчэ адно слова ў скарбонку агульнасці нашых народаў.

«Чым больш бачу павагу латышоў да нацыянальнага, тым больш хочацца, каб і беларусы навучыліся шанаваць сваё»

Сямейная пар беларусаў, Ганна і Дзмітрый, прыехала ў Латвію ў канцы 2020 года па гуманітарных прычынах, пасля арыштаў і пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі. Муж займаецца графічным дызайнам, жонка працуе ў лагістычнай кампаніі, сын вучыцца ва ўніверсітэце. Пара прызнаецца, што адчувае сябе ў Латвіі цалкам камфортна, «і па надвор’і, і па прыродзе, і па людзях».

— Падабаюцца мора, прырода. Чым больш бачу павагу латышоў да свайго, да нацыянальнага, тым больш хочацца, каб і беларусы навучыліся шанаваць і сябе, і сваю культуру, і гісторыю, і карані, і ганарыцца гэтым, і сістэмна працаваць у гэтым напрамку. У дадзеным выпадку

любоў да свайго мінулага будуе дастойныя сучаснасць і будучыню, дае развіццё,

— лічыць Ганна.

Латышскую мову муж і жонка асвоілі да ўзроўню B1 і працягваюць яе вывучэнне.

— Прыемным сюрпрызам стала латышская мова —

пры знешняй непадобнасці ў нашых мовах нечакана аказалася шмат агульнага

— аднакарэнныя словы і клічны склон. Экзамены па дзяржмове аказаліся прыемным бонусам. Кожныя Каляды я дарыў сабе па новым моўным сертыфікаце, дасягнуўшы пакуль В1. Цяпер узяў паўзу, каб падцягнуць і англійскую, але планую ў наступным годзе вярнуцца да цудоўнай каляднай традыцыі, — дзеліцца Дзмітрый.

— А1-А2 узроўні даліся лёгка. Нечакана выявіла, што ў нейкіх момантах латышская падобная да беларускай, і навучанне ішло з цікавасцю, — дадае Ганна. — Асабліва быў прыкметны прагрэс, калі на двух курсах адначасова вучылася. І тром выкладчыкам, кожнаму са сваім падыходам і методыкай, вельмі ўдзячна. Пасля курсаў на В1 стала сумнявацца ў сабе і сваіх ведах і магчымасцях у мове. Такога хуткага зруху не было. Так што збіраюся паўтарыць і працягваць далей.

Ёсць мэта: пайсці на канцэрт Prāta Vētra, і разумець словы песень, і падпяваць, і злавіць хвалю ў атмасферы, а не проста, каб схадзіць.

З мінусаў жыцця ў Латвіі пара адзначае — яны не адчуваюць сябе цалкам абароненымі ў сферы медыцыны і медыцынскага страхавання.

«Беларусы давайце ствараць разам, а не толькі спажываць»

— У Латвіі традыцыйна шмат зарэгістраваных беларускіх таварыстваў, але ўсе яны з’яўляюцца «культурнымі аб’яднаннямі», застаючыся збольшага «па-за палітыкай», і прадстаўнікі «Суполкі» фактычна сталі першай беларускай грамадой, якая падтрымлівала і агучвала ў Латвіі дэмакратычны выбар беларускага народа, — тлумачыць Дзмітрый.

— На жаль,

аказалася цяжка дабіцца статусу дабрачыннага таварыства, каб арганізаваць эфектыўны збор сродкаў, а як яшчэ і зарэгістраванай нерэзідэнтамі — нават адкрыцця разліковага рахунку ў мясцовым банку.

Таму засяродзіўшыся на канкрэтнай працы, сябры аб’яднання не імкнуліся і да структураванасці самой супольнасці, а для арганізацыі мерапрыемстваў заўсёды дастаткова было працоўнага чата, які складаўся з больш за паўсотні чалавек, — распавядае актывіст.

Аднак, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, на працягу апошніх палутара гадоў быў наладжаны кантакт з Латвійскім таварыствам беларускай культуры «Світанак», Асацыяцыяй мемарыяльных музеяў Латвіі, Радай БНР (самы стары ў свеце, з 1919 года, бесперапынна дзейны ўрад у выгнанні Ю. К.), Кангрэсам украінцаў Латвіі. Прадстаўнік беларускай дэмакратычнай дыяспары Латвіі абраны ў склад абноўленай Каардынацыйнай рады. А ў ліпені прынята рашэнне аб адкрыцці Народнай амбасады.

— Паводле перапісу насельніцтва 3,1% жыхароў Латвіі па нацыянальнасці беларусы. Гэта другая па колькасці нацыянальная меншасць пасля рускіх на тэрыторыі краіны. Так што

нам ёсць да чаго імкнуцца ў наладжванні сувязей сярод беларусаў.

Кожны ўдзельнік можа ўносіць у «Суполку» новыя ідэі, захоўваючы пры гэтым сябе і сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Ідэя ў згуртаванасці, у цярпімасці і прыняцці разнастайнасці меркаванняў, у павазе адно да аднаго, да той работы, што кожны ажыццяўляе. І над гэтым таксама трэба працаваць. Не заўсёды хапае чалавечых рэсурсаў: беларусы — давайце тварыць, вырабляць, ствараць разам, а не толькі спажываць, — дадае Ганна.

«Тады я не меркаваў, што праз паўгода самому давядзецца апынуцца ў Латвіі»

— Першы рыжскі марш, арганізаваны «Суполкай» у жніўні 2020 года, я ўбачыў у Беларусі ў стужцы навінаў, а ўдзел у ім сталічнага мэра Марціньша Стакіса тады ўспрыняў як важную падтрымку імкнення беларусаў да свабоды, — успамінае Дзмітрый. — Тады я не меркаваў, што праз паўгода самому давядзецца апынуцца ў Латвіі і асабіста пазнаёміцца з арганізатарамі.

Наш першы праект у Латвіі — літаратурны вечар, прысвечаны Райнісу і яго падтрымцы беларускай дыяспары ў 20-я гады XX стагоддзя. І першая арганізацыйная сустрэча была азмрочана расійскім уварваннем ва Украіну.

Убачыўшы з раніцы ў навінах, як расійскія танкі перасякаюць беларуска-ўкраінскую мяжу, мы былі ў такім шоку… Здавалася, цяпер любая згадка нашай краіны становіцца недарэчнай.

Але дакладны падзел кіраўніцтвам музея, які прыняў нас, рэжыму, што незаконна ўтрымлівае ўладу, і беларускага народа, які імкнецца да свабоды, даў такую неабходную нам падтрымку і сілы рэалізаваць задуманае.

Потым была інсталяцыя ў памяшканні арт-станцыі Дубулты, прысвечаная беларускім палітвязням, калі кожны тыдзень даводзілася дадаваць папяровых жураўлікаў, якія сімвалізавалі палітвязняў, бо за 2 месяцы правядзення выставы колькасць асуджаных у Беларусі павялічылася з 1286 да 1488. І для нас, якія пастаянна жывуць у гэтым жаху навін, у боязі за бяспеку родных і блізкіх, было шокам чуць ад наведвальнікаў, што такога «не можа быць», нібыта рэпрэсіі ў ціхай і ўтульнай Беларусі «немагчымыя».

Мы ўсвядомілі, які інфармацыйны вакуум вакол таго, што адбываецца ў суседняй з Латвіяй краіне. І ўзнікла ідэя наступнай выставы «Крэатыўная рэвалюцыя. Беларусь 2020», каб паказаць у фотадакументах, з якімі гвалтам і жорсткасцю сутыкнуліся беларусы і з якой вынаходлівасцю імкнуліся супрацьстаяць рэпрэсіям, аб’ядноўваючыся і падтрымліваючы адно аднаго.

«Боль беларусаў маглі адчуць ва ўсім свеце»

— Мне асабліва запомніўся Дзень салідарнасці з палітзняволенымі 21 траўня 2023 года ля Помніка Свабоды ў Рызе, у гадавіну смерці Вітольда Ашурка, беларускага актывіста, які памёр у турме пры нявысветленых абставінах, — кажа Ганна. — Каштоўная падтрымка латвійскага грамадства, палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, ды і простых людзей на ўсіх узроўнях.

З самага пачатку акцыі, у сонечны і гарачы поўдзень, з намі плячом да пляча стаяла Сандра Калніетэ, сям’я якой адчула холад сталінскіх рэпрэсій. У чырвонай сукенцы і з белым рушніком з беларускай вышыўкай праз руку, прывезеным у свой час з Беларусі, яна выказвала салідарнасць з палітвязнямі і з намі. Гэта такі момант, калі верыш у людзей, у іх любоў і падтрымку. Важна, што Рыга была напоўнена хакейнымі заўзятарамі, замежнікамі, і боль беларусаў маглі адчуць ва ўсім свеце.

«Вельмі дапамагала лаяльнае стаўленне ва ўсіх інстанцыях»

Навуковы супрацоўнік Вераніка ў Латвію патрапіла 24 лютага — але 2021 года. Мяжу перасякала на фуры, паколькі транспартных зносін з-за ковіда тады з Латвіяй не было (а дазвол на ўезд быў толькі ў Латвію).

— З-за ўдзелу ў пратэсным руху (а гэта не столькі вулічныя маршы, колькі збор подпісаў, была назіральнікам, удзельнічала ў відэазваротах і г. д.) прыйшлося з’язджаць. Так я апынулася ў Латвіі ўпершыню ў жыцці, і пакуль за 2,5 гады даўжэй чым на тыдзень не з’язджала адсюль.

Дзяцей мне прывезлі бацькі да верасня. І так я засталася ў Латвіі адна з двума дзецьмі амаль на паўтара гады. Муж далучыўся да мяне толькі ў лістападзе 2022-га.

Адразу было цяжкавата знайсці кватэру ў патрэбным мне раёне, не асабліва хацелі здаваць адной замежніцы з двума дзецьмі. Шукала так, каб і праца, і школа, і садок былі бліжэй. Ізноў жа,

я магла разлічваць толькі на сябе. Потым, вядома, панеслася: дакументы, вучоба дзяцей, курсы латышскай, хата, праца... Але з усім справіліся.

Вельмі моцна дапамагалі лаяльныя адносіны ва ўсіх інстанцыях, куды ў той перыяд мне даводзілася звяртацца. І памагалі, і раілі, і ішлі насустрач.

«Асноўная праблема ў вывучэнні мовы недахоп часу і практыкі»

За першы год Вераніка здала латышскую на А2.

— Цяпер ужо дараслі да розных гурткоў і заняткаў дзецям (у першы год не рызыкавала, баялася, што не пацягну ні фінансава, ні па часе) і сабе. Вывучаю праграмаванне на латышскай — палёт нармальны: на латышскай можна вучыцца. Складана ўявіць, як я нават без пераезду ў іншую краіну справілася б з такім

у Беларусі — мне б проста не хапіла сродкаў зняць кватэру і карміць дваіх дзяцей. А тут, без шыку, вядома, з разумнымі выдаткамі ўсё выйшла.

Нядаўна здала іспыт па латышскай на В1. Асноўная праблема ў вывучэнні мовы — недахоп часу і практыкі. Злавіла сябе на думцы, што калі б я патрапіла ў іншае моўнае асяроддзе, то за 2 гады ўжо б нармальна асвоіла любую мову. А так робіцца ўжо і сумна, і сорамна адначасова. З курсамі таксама заўважыла асаблівасць: усе яны накіраваны на падрыхтоўку да іспытаў за 120 гадзін, але няма курсаў, якія вучаць мове на гэты ўзровень. Здаецца нерэальным вывучыць В1 або В2 за 120 гадзін, але іспыт усё роўна трэба здаваць (і гэта цуд, што я здала).

Вераніка кажа, што ў Латвіі ёй не хапае камунікацыі.

— Здаецца, шанцы на інтэграцыю растаюць з кожным днём, і дадому вярнуцца хочацца ўсё больш. Супакойваю сябе доўгімі шпацырамі ўздоўж мора і па прыродных сцежках.

«Улада сама па сабе ніколі не будзе добрай. Яе трэба кантраляваць»

— Мне запала ў душу фраза, што свабоду не прыносяць на сподачку з беражком, — прызнаецца Вераніка. — Трэба паварушыцца. Улада сама па сабе ніколі не будзе добрай. Яе трэба кантраляваць. Гэта трэба са школы дзецям гаварыць. Выбары лёгка падтасаваць, калі няма назіральнікаў. Я маленькі чалавек і

магу адказваць толькі за свае дзеянні, і са свайго боку я буду рабіць тыя маленькія крокі, якія ўласцівыя грамадзянскай супольнасці і якія мне па сілах.

Што да дыяспары, то мне важныя зносіны з суайчыннікамі. Гэта я адчула толькі на эміграцыі. Мяне ніхто зразумець не мог, акрамя беларусаў. Могуць спачуваць, быць побач, дапамагаць, але так разумець, што я гэта нутром чую — толькі свае. Я нядаўна ледзь не расплакалася, апынуўшыся ў вялікай кампаніі незнаёмых беларусаў, калі мне прапанавалі сфатаграфаваць мяне ж на мой тэлефон, а на ім усплыло паведамленне «недастаткова месца ва ўнутраным сховішчы».

Божа, як жа я здзівілася — людзі разумеюць напісанае ў маім тэлефоне! Так, яны ж беларусы!

Я проста крыху ўжо адвыкла ад таго, што выпадковыя, незнаёмыя людзі могуць мяне разумець. Гэта стала пацверджаннем таму, што без сустрэч з беларусамі хаця б раз на два тыдні мне будзе складана. Таму нават калі стамлюся, хоць у нейкай форме буду далучацца да дыяспары, яна застанецца ў маім жыцці, — падсумоўвае Вераніка.

  • «Суполка» упершыню ладзіць удзел беларускай дыяспары ў Дні Рыгі, а таксама запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да Марша салідарнасці з Беларуссю 9 жніўня 2023 года. Збор а 19:00 каля Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі.

Працяг будзе

Памылка ў артыкуле?

Вылучыце тэкст і націсніце Ctrl+Enter, каб даслаць выпраўлены фрагмент тэксту рэдактару!

Калі ласка, вылучыце ў тэксце адпаведны фрагмент і націсніце Паведаміць пра памылку.

Падобныя артыкулы

Яшчэ