● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
Гэта было ў Мінску 25 чэрвеня 2003 года. У самым сэрцы майго роднага горада, у Доме літаратара адбывалася развітанне з Васілём Быкавым. Я вельмі добра памятаю гэты дзень — перш за ўсё таму, што адчувала вялікае шкадаванне, нібы ўпусціла нешта вельмі важнае ў сваім жыцці. Я, пісьменніца-пачаткоўка,
песціла некалькі гадоў галоўную мару — пазнаёміцца асабіста з Васілём Быкавым. Але калі я прыйшла ў літаратуру, ён ужо быў у эміграцыі. У выгнанні.
І пазнаёмілася я з ім толькі пасля таго, як ён пайшоў з жыцця. Так, ён вярнуўся ў родную зямлю, але занадта позна.
Усенародная любоў за тое, што гаварыў і пісаў праўду
Да Дома літаратара выстраілася некалькікіламетровая чарга. Людзі стаялі з бел-чырвона-белымі кветкамі і сцягамі. Сёння рэжым Лукашэнкі назваў бы гэта «несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам з выкарыстаннем экстрэмісцкай сімволікі». Тады часы яшчэ былі мякчэйшыя. Мне было ўсяго 18 гадоў і я была ў моладзевай дружыне Беларускага народнага фронту: мы сачылі за грамадскім парадкам. Гадзіна ішла за гадзінай, а плынь беларусаў, якія хацелі развітацца з пісьменнікам, не спынялася. Тысячы і тысячы людзей змяняліся перад нашымі вачыма. Гэта ўзрушыла мяне:
ніколі раней нічога падобнага я не бачыла. Дык вось яна якая — народная любоў!
Дык вось што значыць — гонар маёй нацыі! Пасля мне даводзілася прысутнічаць на развітаннях са шматлікімі знакамітымі беларусамі — але настолькі масавай праявы народнага пачуцця я не бачыла больш ні разу.
І яшчэ я ўзгадала тады гісторыю пра тое, як бацькі Васіля Быкава атрымалі «пахаванку», нібыта іх сын памёр. Падчас Кіраваградскай аперацыі 1944 года ў баі ён быў паранены ў нагу і ў жывот і памылкова запісаны як загінулы. Але ён выжыў, правёў у шпіталі тры месяцы, а пасля напісаў пра гэта аповесць «Мёртвым не баліць» («Мертвым не больно»). Думаю,
Бог даў яму другі шанц менавіта для таго, каб ён змог у сваіх аповесцях расказаць праўду пра тое, што такое вайна.
Кім жа быў Васіль Быкаў насамрэч? Што хаваецца за даведачнымі фразамі энцыклапедый пра гэтага чалавека, «аднаго з найбуйнейшых прадстаўнікоў лейтэнанцкай прозы», у аповесцях якога «паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця», у сітуацыі Другой сусветнай вайны? Як просты хлопец з беднай сялянскай сям’і з вёскі Бычкі на Віцебшчыне стаў гонарам сваёй нацыі? І за што спачатку савецкая ўлада, а потым Аляксандр Лукашэнка яго так ненавідзелі? Гэта доўгая гісторыя, але я пастараюся растлумачыць.
Васіль Быкаў і ягоныя адносіны з уладамі. Хто каго перамог
У Беларусі не было пісьменнікаў-дысідэнтаў? Былі. Іх расстралялі яшчэ падчас сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў. Тыя, хто выжыў, з адкрытага супрацьстаяння перайшлі ў «партызаншчыну». Так, беларусы — партызанскі народ.
Жыццё Васіля Быкава не песціла. Здаецца, быццам бы ён быў аблашчаны савецкай уладай — яго ваенныя аповесці выходзілі статысячнымі тыражамі, больш за дзясятак з іх былі экранізаваны, па яго творах пастаўлены спектаклі і нават балет. І пераважная большасць — на рускай мове, бо толькі яна лічылася адзіна правільнай мовай так званай савецкай нацыі. Якіх толькі званняў не прысвоілі пісьменніку: і Герой сацпрацы, і лаўрэат дзяржпрэмій СССР і БССР, і Ленінскай прэміі. А ўсё таму, што тэма яго аповесцей — як называюць яе ў Беларусі, Вялікая Айчынная вайна. Як быццам Васіль Быкаў як творца патрапіў у «правільную» ідэалагічную абойму з пункту гледжання тагачаснай ідэалогіі.
Але... загваздка выйшла. Васіль Быкаў заўсёды і ўсюды казаў праўду, казаў тое, што думае.
Ён быў страшна нязручны савецкай уладзе, таму што героі яго ваенных аповесцей зусім не ўпіхваліся ў кардонную скрыначку-вобраз ідэальнага савецкага чалавека
і ніяк не маглі выхоўваць дзяцей са школьнай лавы, як трэба хадзіць строем, і як правільна любіць Радзіму, і як трэба Радзіму абараняць. Васілёвы героі былі абсалютна жывыя і катэгарычна не маглі быць дэталямі вялізнай прапагандысцкай машыны — яны ўсё роўна вывальваліся адтуль, нібы шкілеты з шафы, схаваныя савецкімі ідэолагамі ад народа.
У сваіх успамінах «Доўгая дарога дадому» (2002) пісьменнік раскрывае зваротны бок так званага ўсесаюзнага прызнання ўладай Саветаў. Кожнае надрукаванае слова праходзіла цэнзуру ў Маскве — у БелССР мясцовая ўлада мала што вырашала, і ніводнае важнае ідэалагічнае рашэнне не абыходзілася без ухвалы «наверсе».
Як толькі з’явіліся першыя прыкметы таго, што СССР хутка абрынецца, Васіль Быкаў праявіў сябе як яркі грамадска-палітычны дзеяч. Ён стаў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту ў 1988 годзе, падтрымліваў кандыдата ў прэзідэнты Зянона Пазняка ў 1994 годзе, на першых (і, уласна, кажучы, і апошніх) незалежных выбарах.
Тады перамог Аляксандр Лукашэнка, і для дэмакратычнай Беларусі пачаўся зваротны адлік.
Не вытрымаўшы нападак і забароны на творчасць, Васіль Быкаў з жонкай у 1998 годзе з’язджае ў Фінляндыю, пазней — у Чэхію. Перанесшы там у 2002 годзе аперацыю, ведаючы аб незваротным пагаршэнні здароўя, Васіль Быкаў вярнуўся ў Беларусь, каб скончыць свой шлях у роднай зямлі.
За што дыктатары не любяць пісьменнікаў, ці Доўгая дарога дадому
У пачатку 2000-х падчас ток-шоу на адным з расійскіх каналаў кіраўніка Беларусі папракнулі: як можна было адштурхнуць ад сябе такога пісьменніка як Васіль Быкаў?
— Васіль Быкаў… сапраўды, я на яго вершах, творах вучыўся, але ён жа ў апазіцыі прэзідэнта... — пачаў было Лукашэнка.
— Аляксандр Рыгоравіч, ён піша прозу…
— І вершы таксама… Ну вы мне раскажыце пра Васіля Быкава, якога я ў школе вучыў, і нядрэнна вучыў! — абурыўся кіраўнік.
(Лукашэнка таму і жахлівы, што часта смешны. Ён, троечнік, не чытаў нават — але ж забараніў.)
Але за пісьменніка лепш за ўсё гавораць яго творы. Даю слова самому Васілю Быкаву. З гэтых цытатаў вы, дарагія чытачы, адразу зразумееце, чаму дыктатары не любяць творчых людзей:
«Нацыяналізм вялікай нацыі непазбежна перараджаецца ў шавінізм і імперыялізм, а нацыяналізм малой нацыі, якім бы ён ні быў, накіраваны перш за ўсё на выжыванне сваёй нацыі сярод іншых».
«Нармальны працэс культурнага развіцця павінны быў выглядаць так: спярша ў самым поўным аб’ёме — уласная культура, затым іншыя — расійская, нямецкая, польская, ангельская — чым болей, тым лепш, наколькі хапае да таго здольнасцяў грамадства ці асобнага яго члена».
«Нацыянальная сымболіка — атрыбут нацыі. Але яе ў нас скралі (гаворка пра забарону бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» і замену іх на іншыя сімвалы — Ю. К.), нахабна абрабавалі нацыю, што страшней за эканамічны рабунак і аналягічна нацыянальнаму генацыду. Ужо адно тое, ня кажучы пра рабунак свабоды, робіць рабаўнікоў злачынцамі — злачынцамі перад нацыяй. Нават калі яны спрабуюць падмяніць, падкласьці замест сьвятыні фальшыўку і патрабаваць да яе павагі як да сьвятыні. Гэта ўжо падвоенае злачынства».
* * *
Ёсць два пытанні, якія мяне цікавяць, калі я думаю пра Быкава, які прайшоў вайну і ведаў пра яе ўсё.
Што б ён сказаў, даведаўшыся пра тое, што Расія ўварвалася ва Украіну, і рэжым Лукашэнкі спрыяе рэжыму Пуціна ў гэтай агрэсіі?
Гэта першае.
І другое: ці змагу я, як Васіль Быкаў, калі-небудзь вярнуцца дадому, няхай нават толькі для таго, каб мой прах быў у роднай зямлі?
Дзіўныя думкі для маладога яшчэ чалавека, ці не так? Але любы, хто вельмі любіць сваю краіну — а патрыётаў сярод жыхароў Латвіі нямала, я гэта дакладна ведаю — мяне зразумеюць.