● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
Кантэкст
Больш за трыццаць пяць год я пражыў у Беларусі. Нарадзіўся ў невялічкім мястэчку, якое стаіць на Дзвіне, пасля жыў і працаваў у іншым, больш буйным горадзе, аднойчы прачнуўся ў Мінску. «Журналіста ногі кормяць», — ёсць такое меркаванне, і я згодны з ім. Гэх, якую безліч кіламетраў мы з калегамі накруцілі па роднай краіне! Глядзелі на паўсядзённае жыццё беларусаў з вокнаў цягнікоў, аўтобусаў, папутак і нават чаўноў. Маё назіранне — жыццё людзей з Турава і Віцебска аб’ядноўвае не беларуская мова, а беларуская тынкоўка. І калі я нечакана апынуўся ў Рызе, то не знайшоў гэтага феномена ў вас. І зараз я растлумачу, што маю на ўвазе.
Запінка першая
Першая кватэра, якая стала прытулкам для нашай сям’і, была ў мікрараёне Авоты. Вуліцы Чака, Лачплэша, Стабу, Матыса і Гертрудэс былі першымі, па якіх мы гулялі з сабакам. Вочы беларуса з захапленнем разглядалі будынкі канца XIX стагоддзя з такім неверагодным дэкорам на іх. Гэта ўсё тое, што мы страцілі дома ў часы разнастайных войнаў. І шчыра кажучы, я нават і сёння не разумею: ну як так — адзін дом стаіць такі ладненькі, а побач, амаль тых жа гадоў, — разваліна.
Ведаеце, на Стабу ёсць некалькі драўляных двух-трохпавярховых хат, якія ўсе ў сажы пасля пажару. Мясцовыя жыхары распавялі мне, што стаяць гэтыя вугалькі далёка не першую пяцігодку… А на іншых вуліцах ёсць шасціпавярхоўкі, якія пакрыху развальваюцца дзень за днём. Нават на Брывібас!
Таму мая першая запінка — дамам патрэбны жыхары і тыя, хто будзе сачыць за станам будынкаў. Бо я не разумею, як у адным горадзе ёсць кватэры з арэнднай платай у пяцьсот еўра, а побач — пяці- ці шасціпавярховы дом, у якім ніхто не жыве? Чаму гэтыя дамы не на балансе ўрада? Чаму іх нельга прывесці ў добры стан і здаваць, напрыклад, кватэры ў арэнду значна ніжэй?
Запінка другая
— Гэта ўсё ўласнасць людзей, а не краіны, — патлумачыў мне ўладальнік сабакі пароды бігль, калі мы з ім разглядалі адзін з такіх будынкаў на вуліцы Адміню.
Уласнасць людзей — гэта цудоўна! Але чаму знешні выгляд некаторых дамоў ну такі жудасны, што праз гэтыя пяць-сем будынкаў ёсць жаданне прабегчы як мага хутчэй!
Патлумачу: я не разбалаваны хлопец, вырас у бараку на чатыры сям’і з пячным ацяпленнем, таму добра ведаю, што хаты бываюць розныя. Але ж зразумела, што такія размаляваныя ці спаленыя дамы не дадаюць прыгажосці любімай Рызе.
Чаму адны ўладальнікі хат сочаць за станам дома, а другія — як на вуліцы Сатэклес — даводзяць яго да аварыйнага і нежылога стану, дзе ён вымушаны развальвацца па цаглінцы? Я разумею, што гэтыя дамы — уласнасць нейкіх жыхароў Латвіі, у якіх, напрыклад, няма грошай, каб зрабіць капітальны ці касметычны рамонт. Але дзе дзяржава ў такім выпадку?
Чаму мы ўсе глядзім на тое, як развальваецца па розных прычынах наша ўлюбёная Рыга, і моўчкі праходзім міма?
Мы нават не заўважаем таго, што ў сэрцы горада, каля помніка Свабоды (з таго боку, дзе стаіць вядомы ўсім гадзіннік Laima), на вуліцы Калькю ёсць ансамбль з дзесяці слупоў, якія ў зусім дрэнным стане.
На частцы з іх не хапае дэкаратыўнай пліткі. А доўгі час адзін са слупоў, бліжэйшы да бульвара Зігфрыда Аннас Мееровіца, быў абкручаны харчовай плёнкай. Так, верагодна, нейкі «майстар» спрабаваў замацаваць тую самую плітку, якая адпала…
І, ведаеце, я таксама хаджу моўчкі і гляджу на гэтыя сем плітак, якіх так не хапае архітэктурнаму комплексу. І недзе
ўнутры голас беларуса крычыць: ну як так? Працы там на тры гадзіны!
І гэта ў месцы, дзе так шмат шпацыруе турыстаў туды-сюды, гэта ў тым месцы, дзе не-не, ды каля помніка Свабоды праходзіць міжнародная дэлегацыя…
Другая запінка датычыцца жыхароў і ўлады: чаму мы з вамі заплюшчваем вочы і робім выгляд, што так і трэба? Давайце працаваць, кожны на сваім месцы, але добрасумленна і трохі больш, чым ад нас патрабуюць.
І не, гэта не вяртанне да савецкіх ці беларускіх падыходаў, гэта жаданне зрабіць асяроддзе вакол нас лепшым. Кожны ж можа пачаць са свайго двара.
Лічыце гэта юнацкім максімалізмам.
Трэцяя, чацвёртая і пятая запінкі
Я заўсёды гляджу мясцовыя навіны — так практыкую сваю латышскую. Трэцяя запінка наступная.
Уразіла сітуацыя з мікрараёна Сканстэ, дзе жанчына, шпацыруючы па вуліцы, траўмавала нагу. «Шкада, але хто з нас не траўмаваў ногі на роўным месцы?» — першая думка. Але ў сюжэце бачна, што адна з бульварных плітак проста правалілася ў зямлю, калі жанчына ступіла на яе. А як гэта магчыма? Я наведаў гэтае месца, там сапраўды да стану тратуара ёсць пытанні. А гэта адзін з самых маладых і сучасных раёнаў горада!
Яшчэ ад мясцовых жыхароў даведаўся, што ў скверы, які паміж вуліц Гростанас і Весетас, месяцаў дзесяць таму была вялізарная і цудоўная дзіцячая пляцоўка. Але яна патрабавала рамонтных работ і яе… прыбралі. Зараз там расце самая звычайная трава. Ну і каму зрабілі лепш?
Чацвёртая запінка. У Латвіі, і асабліва ў Рызе, шмат новых крутых аб’ектаў, якія самыя сучасныя і клёвыя з усіх бакоў. Але як толькі іх «здаюць» у эксплуатацыю, далей ніхто за імі не сочыць. Так, у цэнтральным спартыўным квартале, што паміж вуліцамі Крысціяна Барона і Аляксандра Чака, ужо другі год у некаторых месцах
гумавае пакрыццё дзіцячай пляцоўкі патрабуе замены. Там проста дзіркі.
Амаль усё лета частка дзіцячых горак была абкручана стужкай, якая забараняе поўзаць па іх. Адзін з бацькоў на пляцоўцы мне патлумачыў, што ва ўсім вінаватая сістэма тэндараў. Маўляў, нельга ўзяць і адрамантаваць за тыдзень. Ці сапраўды гэта так?
Пятая запінка. Як жыхар горада і актыўны карыстальніх грамадскага транспарту сачу за сітуацыяй з аўтобуснымі прыпынкамі. Гаворка пра патрэбу існыя прыпынкі прыбраць, а іншыя — паставіць. І зноў у тэкстах і відэа калег на гэтую тэму гучаць разважанні пра гэты самы тэндар. Калі ён так ускладняе жыццё, магчыма, патрэбна перагледзець яго ўмовы? Зразумела ж, што змена прыпынкаў адных на другія не адбудзецца за адзін дзень, ды які там дзень — тыдня не хопіць! А восень ужо на календары, і хутка людзі будуць мокнуць пад дажджом.
Для каго гэтыя прыпынкі — для людзей ці для тэндараў?
Высновы
«Крытыкаваць — лёгка», — напіша ў каментарах да артыкула хтосьці з чытачоў, і гэта сапраўды так. Але, на мой погляд, з маральнага пункту гледжання ў мяне ёсць падставы для гэтага. За восемсот дзён, што я жыву ў Латвіі, я двойчы прымаў удзел у суботніку і прыбіраў смецце на востраве Луцаўсала, а жонка — у рыжскім заапарку чысціла клетку капібары. Мы працуем і плацім падаткі. Выхоўваем дзіця ў любові да Латвіі і ўсіх латвійцаў. Шчыры вам дзякуй, даражэнькія, што ваша краіна стала другім бяспечным домам для нас. Мы вельмі жадаем развіцця Латвіі.
Зноў падкрэслю, што ў гэтым артыкуле няма ныцця эмігранта, а ёсць погляд звонку вашага добрага сябра на мясцовае жыццё. Выбачайце, калі я нешта не так зразумеў.
Што парадавала? Шмат чаго!
Я быў вельмі здзіўлены, калі ўбачыў, як рыжане абедаюць на траве ў Верманскім парку. А ў Беларусі па газонах хадзіць нельга!
Мне вельмі падабаюцца дарогі, якія пачынаюцца за межамі Рыгі. Мы з жонкай проста ў захапленні ад пешаходных пераходаў, якія асветлены такім чынам, што людзей на іх відаць здалёк. А якія ў вас дагледжаныя маленькія гарады! Мне вельмі спадабаўся ваш Інчукалнс. З погляду краязнаўства гэта знаходка — Інчукалнс мае гістарычнае значэнне для Латвіі.
Менавіта ў ім 31 снежня 1918 года адбыўся першы бой вызваленчай вайны Латвіі. Мару, што аднойчы і Беларусь будзе вольная са сваім горадам-пабрацімам Інчукалнсам. А яшчэ ў ім вельмі смачныя агуркі ў бабуль на мясцовым рынку.
…І вось я зноў іду з сабакам па вуліцы Матыса і гляджу на дамы. Вы ж памятаеце, што я пісаў у пачатку тэксту пра беларускую тынкоўку? Дык вось, за трыццаць гадоў усю нашу гісторыю (і людзей) пакрылі такім таўсценным слоем гэтай мазанкі, што
мы, беларусы, шарахаемся чыноўнікаў, баімся патрабаваць сваё і адстойваць свае правы. Жыхары Латвіі — іншыя.
Больш за трыццаць гадоў вы жывяце без абавязковых дажынак, маршаў і жудасных рэпрэсій. У вас ёсць магчымасць размаўляць з уладай. Размаўляйце! І зберагайце Рыгу! Яна такая прыгожая сіньёра, але зараз яе паліто крышачку трэба падлатаць.