Як выхоўваць дзяцей, каб яны не выбіралі лукашэнкападобных

Усе абмяркоўваюць, чым абернецца перамога Дональда Трампа для сусветнай палітыкі і нашага рэгіёна. І латышы, і беларусы Латвіі таксама пра гэта думаюць. І ўкраінцы — усё цывілізаванае грамадства хоча заканчэння вайны Расіі супраць Украіны і перамогі апошняй. Бо ЗША і падтрымліваюць Украіну, і дапамагаюць беларускім дэмакратычным сілам і незалежным СМІ ў выгнанні працягваць працу. Так, дарэчы: у Беларусі ж пачалася так званая перадвыбарчая кампанія!

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Мы гэта так і называем — самапераабранне Аляксандра Лукашэнкі прызначанае на 26 студзеня 2025 года. Можна было б з гэтага пасмяяцца — «што, зноў?!», але першыя пару выбараў гэта яшчэ магло быць весела, а праз 30 гадоў і тысячы палітычных зняволеных — ужо зусім не смешна. Тым больш, што тых, хто крытычна думае і ўсведамляе тое, што адбываецца ў Беларусі, альбо рэпрэсавалі, альбо выціснулі з краіны.

Каму «надо!», а каму надакучыла

Засталіся ў Беларусі толькі тыя, каму «Надо!». Так называецца запушчаны рэжымам «усенародны» флэшмоб, сутнасць якога ў тым, што працаўнікі самых розных прадпрыемстваў і ўстаноў па ўсёй краіне «ўгаворваюць» Лукашэнку ісці ў прэзідэнты і запісваюць агітацыйныя відэа (падобныя на вось гэтае вось).

Як вы можаце зразумець, гэтыя флэшмобы, як іх беларусы называюць, «добраахвотна-прымусовыя».

Не хочаш удзельнічаць — звольняць па артыкуле, і знайсці іншае месца працы будзе ўжо нерэальна, на чалавеку паставяць кляймо нядобранадзейнасці, унясуць гэта ў характарыстыку, і — пішы прапала.

Як карміць дзяцей, як плаціць іпатэку і наогул — як выжываць далей? Менавіта выжываць, а не жыць — складана назваць такое існаванне паўнавартасным жыццём. А то і на «суткі» пасадзяць, калі ў тэлефоне падпіскі на незалежныя СМІ, прызнаныя «экстрэмісцкімі», знойдуць — мала не падасца.

Мне, якая ўжо тры гады пражыла ў Латвіі, складана ўявіць, што такое тут было б магчыма — прымусіць людзей крыўляцца перад камерай, агітуючы за звар’яцелага старога, галоўная мэта якога — любым, абсалютна любым! — коштам утрымаць уладу. Зрэшты, магчыма, некаторыя з удзельнікаў флэшмобу зрабілі гэта добраахвотна. Чаму? Адказ схаваны ў самой палітычнай сістэме.

Я не хачу хадзіць строем, я хачу хадзіць адна

У мяне ёсць вельмі яскравыя ўспаміны з мінулага жыцця (так я называю час да ўцёкаў у Латвію), якія, на мой погляд, даволі дакладна характарызуюць аўтарытарнае — дыктатарскае — грамадства ў параўнанні з грамадствам дэмакратычным. І я не палітык, я шараговец. Аднак і мой асабісты досвед, і гісторыі іншых беларускіх уцекачоў лішні раз даказваюць: калі ты не цікавішся палітыкай, аднойчы яна зацікавіцца табой.

Першы ўспамін: мне гадоў 5, я хаджу ў дзіцячы садок, тады яшчэ савецкі. У той час ніхто не пытаўся аб перавагах канкрэтнага дзіцяці ў ежы, і ўсіх кармілі аднолькава. Для мяне самай агіднай была не халодная манная каша (чамусьці менавіта гэтую агідную страву ўспамінаюць мае аднагодкі і землякі ў першую чаргу, калі мы настальгуем аб былых часах). Падчас абеду

нянечка прымушае мяне есці селядзец (які я не ела ні разу ў жыцці, і так гэта да гэтага часу), запіхваючы яго мне ў рот сваімі рукамі. Гэта выклікае ў мяне натуральны ванітавы рэфлекс.

Нянечка вельмі злуецца і крычыць. Выхавацелька скардзіцца на мяне бацькам: «Усе дзеці як дзеці, а ваша не хоча есці, як усе! Прыміце меры!». Бацькі сварацца з адміністрацыяй саду і рвуць сабе нервы. Вайна ў выніку выйграна імі, і ад мяне адстаюць з селядцом.

Другі ўспамін: першы клас школы, першая настаўніца, якая і знешне, і па характары нагадвае салдафона. Жанчына з начосам (што адразу паказвае на асаблівы бюракратычны тып савецкага чалавека). Нас вядуць у сталоўку. Мы павінны ісці па калідорах парамі, абавязкова з суседам па парце, узяўшыся за рукі, роўна адно за адным, не шумець і не размаўляць паміж сабой. Калі

нарэшце мы стройна, сінхронна, прыходзім, настаўніца гучна загадвае: «Селі! Узялі лыжкі!». І пасля заканчэння абеду: «Усталі! Пастроіліся па парах!».

Гэта гучыць вельмі суха, па-камандзірску, як быццам мы не шасці-сямігадовыя дзеці, а калона арыштантаў. Я заўважаю, што ўвесь час уцягваю галаву ў плечы і сутулюся, бо баюся, што настаўніцы не спадабаецца, як я сяджу, ем ці трымаю лыжку, і яна зноў пачне крычаць.

Ці хацелі б вы, паважаныя чытачы, каб вашых дзяцей выхоўвалі так? Я б не хацела. Тым больш, што ў мяне ёсць і іншы прыклад, і я ведаю, як бывае па-іншаму. Калі мне было крыху за 20, я адзін час вучылася ў Польшчы. Каля дома, дзе я жыла, знаходзіўся дзіцячы садок. І кожны дзень, у адзін і той жа час я назірала адну і тую ж карціну: вялі дзетак на шпацыр. Каб не згубіцца, рабяты трымаліся за вялікага доўгага плюшавага ўдава, і такім чынам ішлі, узначаленыя выхавальніцай. Пацешнае шэсце таксама і замыкаў дарослы. Для мяне такое было ў навінку — я тады толькі пачынала разумець розніцу паміж беларускім грамадствам і грамадствам іншых, дэмакратычных краін. І шчыра дзівілася, успамінаючы свой панічны страх перад настаўнікамі, нежаданне хадзіць у садок, а потым у школу:

а што, так можна было? Можна без крыкаў, загадаў і хады строем? І дысцыпліна захавана, і свет не перакуліўся? Можна. Можна абысціся.

Але крытычна думаць, хадзіць адной, а не строем — гэта складаней, чым крычаць ці выконваць «надо!» з аднолькава дурным выразам твару. Такая ўжо чалавечая прырода: людзі гультаяватыя і ідуць па шляху найменшага супраціву. Вялікі Брат лепш ведае, як нам жыць, і калі ён абяцае, што кошты на паліва і ежу перастануць расці, значыць, гэта праўда, вось-вось перастануць. Няхай ён вырашае, а не я. Я, адтарабаніўшы працоўную змену, завалюся дома на канапу папіць піўка і паглядзець тэлевізар. А ўвесь свет хай пачакае, і ўсё само там неяк вырашыцца — усе гэтыя войны, паводкі і кошты на газ.

* * *

Звярніце ўвагу, дарагія чытачы, наколькі электарат любіць простыя і зразумелыя лозунгі. І наколькі Аляксандр Лукашэнка — майстар такіх лозунгаў, віртуоз папулізму. Падняць пенсіянерам пенсію на пару капеек перад выбарамі, выдаць яе раней на тыдзень — і вуаля, справа зроблена.

«Наш бацька, такі парадак навёў». Парадак. З пятлёй, зацягнутай у абывацеля ж на шыі. Навёў, так. Гэтую частку галасоў нават зусім праўдзіва не давядзецца прымалёўваць.

А што жа Трамп? А за лёс ЗША я не баюся. Там, у адрозненне ад Беларусі, палітыку вызначае не адзін-адзіны чалавек. Як і ў Латвіі, і ў іншых дэмакратычных краінах. Так што і прычын для хвалявання куды менш.

Памылка ў артыкуле?

Вылучыце тэкст і націсніце Ctrl+Enter, каб даслаць выпраўлены фрагмент тэксту рэдактару!

Калі ласка, вылучыце ў тэксце адпаведны фрагмент і націсніце Паведаміць пра памылку.

Падобныя артыкулы

Яшчэ