● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
Я не жартую. У палітычных зняволеных на «зоне» на вопратцы — жоўтыя біркі, і да іх асаблівае, больш жорсткае стаўленне, калі яны беларускамоўныя.
На першы погляд, Латвія паспяхова вырашае пытанне захавання ўсяго свайго нацыянальнага. Але дзіўна: на вуліцы і ў транспарце я вельмі часта чую, як тынэйджары гавораць паміж сабой на англійскай. Больш за тое: на інглішы паміж сабой камунікуюць малыя, калі гуляюць на дзіцячай пляцоўцы!
Дык значыць, справа не толькі ў шырокай распаўсюджанасці рускай мовы ў Латвіі, пра што мы часта дыскутуем у тым ліку і на нашым сайце.
Маладое пакаленне латвійцаў захоплена іншай, англамоўнай культурай. Гэта яшчэ адзін выклік для захавання нацыянальнай мовы? Або проста часовая мода? Што гэта, як з гэтым змагацца — і ці трэба?
Мая сяброўка, выкладчыца латышскай мовы і літаратуры, папрасіла мяне: «А раскажы маім вучням, навошта трэба любіць і ведаць родную мову». Я пагадзілася, хоць гатовых рэцэптаў-адказаў на гэтае пытанне ў мяне няма і, здаецца, не прадбачыцца. Складанае гэта пытанне. І калісьці я сама ў справе папулярызацыі сваёй роднай мовы пацярпела поўную паразу.
«Ды не патрэбна нам гэта ваша мова!»
Я сама не заўважыла, як родная мова стала маім сцягам, лёсам, маім сацыяльным і культурным актывізмам, ладам жыцця. Маім уцякацтвам. І таму ў Дзень настаўніка я і з горыччу, і нават з болем у сэрцы ўспамінаю сваіх васьмікласнікаў, у якіх выкладала.
«Ды не патрэбна нам гэта ваша мова! Навошта яна нам?» — казалі яны мне ў твар. І ў адзін момант, калі на ўроку беларускай літаратуры хлапец з апошняй парты (ведаеце, у любым класе такія дзёрзкія ёсць!) сказаў пра знакамітага нашага пісьменніка: «Ды навошта вы нам пра гэта ўсё распавядаеце? Усе ж ведаюць, што ён быў алкаголік, а кніг яго чытаць мы ўсё роўна не станем», — я зразумела, што ніколі не буду больш працаваць настаўніцай.
Непавагу да свайго прадмета я ўспрыняла як асабістую абразу, ды і, як я ні старалася, так і не змагла падабраць ключык да дарослых ужо юнакоў і дзяўчат.
Для мяне адказ, чаму так адбылося ў беларускім грамадстве, быў відавочны: гэта вынік дзяржаўнай палітыкі, калі ўрокаў рускай мовы і літаратуры ўдвая больш, чым беларускай. Калі кіраўнік дзяржавы, які сам выбраў сябе і вяшчае з кожнага праса ўжо 30 гадоў, кажа, што «беларусы — гэта рускія са знакам якасці», якіх яшчэ найвыдатнейшых вынікаў у нацыянальнай адукацыі нашых дзяцей можна чакаць?
І сёння, калі ў мяне пытаюць пра тое, якой мне бачыцца моўная палітыка ў Новай Дэмакратычнай Беларусі, я шчыра кажу: у мяне няма дакладнага адказу. Тое, што задушвалася і затоптвалася стагоддзямі, нельга будзе аднавіць хутка. І пакаленні людзей, якія выраслі пры Лукашэнку і не ведаюць ніякай іншай, альтэрнатыўнай, карціны свету і ўлады, таксама не змогуць стаць рухавіком нацыянальнага прагрэсу. А старэйшае пакаленне, якое памятае савецкі перыяд, ужо сыходзіць.
Застаемся мы — пакаленне 40-гадовых, але сярод нас нацыянальна-арыентаваных не так ужо шмат.
У маштабах Латвіі прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якія гавораць на роднай мове — літаральна адзінкі.
Калі казаць увогуле пра беларусаў, то паводле перапісу насельніцтва 2019 года толькі 26% беларусаў пазначылі беларускую як мову, на якой яны звычайна размаўляюць. Размаўляюць па-руску 71,4%. З улікам таго, што ЮНЕСКА беларускую мову абазначае як «уразлівую» да знікнення, і ведаючы, як нашыя ведамствы лічаць (напрыклад, галасы на прэзідэнцкіх выбарах або сярэдні заробак), я гэтым лічбам не веру. На беларускай гавораць значна менш.
«Родная мова павінна быць выгаднай»
З Беларуссю, я баюся, зразумела. А што ж Латвія? Яе дзяржаўная моўная палітыка накіравана на максімальнае захаванне і ўмацаванне пазіцый латышскай.
Але, напэўна, варта пераводзіць погляд ад агульнага да прыватнага. Я перакананая, што навучанне ідзе з сям’і.
Разуменне каштоўнасці роднай мовы перадаюць найперш бацькі свайму дзіцяці. Потым ужо — школа і дзяржава.
І калі дзіцяці з малых гадоў не ў англамоўнай краіне ставяць толькі англамоўныя мульцікі, рэдка чытаюць яму кнігі — ці зусім не чытаюць — то і вынік будзе адпаведны. Напэўна, першае і самае важнае, што можа быць — гэта прыклад бацькоў.
І яшчэ я чула такую думку ад аднаго са сваіх калегаў: трэба, каб размаўляць на канкрэтнай мове было выгадна. Менавіта так! Калі для паступлення ва ўніверсітэт на прэстыжны факультэт (напрыклад, міжнародных адносін) абітурыенту трэба перфектна ведаць агульнанацыянальную мову, калі гэта дасць яму добрыя шанцы для прасоўвання па кар’ернай лесвіцы і атрымання высокай пасады, то ён яе вывучыць.
Магчыма, для Новай Беларусі гэта ідэя спрацуе, а ў Латвіі гэта і так ужо ёсць.
Аднак у нашых краінах павінны быць розныя падыходы да агульнанацыянальнай мовы і адукацыі.
Беларусь — краіна амаль аднамоўная, а ў Латвіі, так склалася, грамадства не настолькі аднастайнае, і дзеці даволі часта гадуюцца ў змешаных сем’ях, дзе дамашняй мовай можа быць і латышская, і англійская, і руская, і польская, і ўкраінская, і нават партугальская (успамінаю адну сям’ю з Тукумса, дзе тата — латыш, а мама партугаламоўная). А часам родных моў можа быць некалькі.
Напэўна, мой адказ на пытанне «навошта трэба любіць родную мову?» будзе гучаць кансерватыўна і супербанальна, але ён асабіста для мяне адзіна дакладны. І ён зусім не пра выгаду. Каб у мяне былі свае карані, адчуванне дому, каб было, куды вяртацца, хаця б у памяці.
Я ўцякачка, але пакуль размаўляю на роднай мове, я нашу мой дом з сабой.
Без яе я адчуваю сябе чыстым аркушам паперы, безаблічным і пустым. Размаўляць на роднай мове — гэтак жа натуральна, як дыхаць. Навошта любіць родную мову? Каб быць сабой. Хаця касмапаліты са мной і не пагодзяцца.
І, кажучы пра асабістую адказнасць найперш бацькоў у выхаванні ў дзецях павагі да роднай мовы, я павінна і сама вызначыцца, чаму ж вучыць сваіх будучых дзяцей, калі ў Беларусі ім пабываць, хутчэй за ўсё, не наканавана. Будзь яны ў Латвіі, Італіі ці недзе яшчэ — а беларускую яны ведаць будуць. Проста каб мая родная мова не памерла, а яны разумелі, дзе сапраўдныя карані іх маці.