● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
Героі папярэдніх маіх аповедаў называлі розныя падставы, па якіх вырашылі асвойваць латышскую. Аляксандр у размове прызнаваўся, што хоча адчуваць сябе сваім у Латвіі, а Інна, працуючы памочнікам настаўніка, імкнецца дапамагаць украінскім дзецям, якія тут жывуць.
Герой нашай трэцяй гісторыі поспеху (назавём яго Раман) жыве ў Латвіі ўжо чатыры гады. У яго таксама свая матывацыя, якая мяне, шчыра прызнацца, крыху здзівіла. Пагадзіцеся: не ў кожнага грамадскага актывіста, тым больш — уцекача, ёсць вялікія палітычныя амбіцыі. Але пра ўсё па парадку. Даю слова самому Раману.
«Я паважаю краіну, якая дала мне прытулак»
«Гэта было восенню 2020 года. Спачатку я з’ехаў з Беларусі ў Маскву, дзе на той час працаваў і жыў. Быў час кавіда, і я разумеў, што трэба з’язджаць і з Расіі таксама — вельмі хутка прыйдуць расійскія спецслужбы, каб перадаць мяне беларускім, калі я пачну расказваць пра тое, што бачыў, даваць паказанні (Раман стаў сведкам вельмі страшных злачынстваў сілавікоў пры падаўленні пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Не буду канкрэтызаваць з меркаванняў бяспекі — Ю. К.). Я паглядзеў, з якімі з еўрапейскіх краін мяжуе Расія па зямлі. Гэта былі Эстонія і Латвія. Я напісаў у амбасады і запытаў гуманітарную візу, калі гэта магчыма. Латвія пагадзілася дапамагчы мне.
Я працую ў буйной IT-кампаніі, і кожны дзень на латышскай размаўляць мне не абавязкова, паколькі ў асноўным мае кліенты з тых краін, дзе размаўляюць на рускай. Але я вывучаю мову таму, што паважаю краіну, якая дала мне прытулак, і не хачу працягваць жыць закрыта, без магчымасці ўдзельнічаць у жыцці Латвіі.
Я пачаў адразу ж, як толькі трапіў у Муцэніекі, у цэнтр для суіскальнікаў прытулку. У мяне яшчэ не было дакументаў, і ў нас пачаліся курсы латышскай мовы. З таго часу я ўжо не спыняўся.
Мае першыя словы, з якімі я сутыкнуўся ў Латвіі, былі labdien і paldies. Дзіта Барона (Dita Barona) — мая першая настаўніца латышскай, а ўсяго за чатыры гады ў мяне было пяць выкладчыкаў. Я здаў тры дзяржэкзамены: B1, B2 і нядаўна (улетку 2024-га — Ю. К.) на ўзровень C1 з агульным вынікам 80 адсоткаў. Самай складанай часткай іспыту была пісьмовая. Яна і яшчэ размова звычайна самыя складаныя, бо ты павінен не проста зразумець, што табе гавораць і ўзнавіць, а стварыць выказванне, тэкст самастойна.
На ўзроўні С1
неабходна было ўявіць, што ты ў складзе конкурснай камісіі, якая выдзяляе гранты на розныя грамадска важныя праекты, і табе трэба пісьмова выказацца
аб тым, якому з двух праектаў ты аддаў бы перавагу, і абгрунтаваць гэта. Напрыклад, я напісаў пра тое, чаму важна развіваць прадпрымальніцтва ў Латвіі, што атрыманыя падаткі дзяржава можа накіраваць на абарону…
Кожны раз, калі я ішоў на іспыт, я думаў, што, хутчэй за ўсё, я яго не здам. Кожны раз аказвалася, што здаў, і нават лепей, чым спадзяваўся.
Мая мэта ў вывучэнні латышскай — каб я мог на роўных мець зносіны з высокаадукаванымі людзьмі, абмяркоўваць тэмы, якія будуць нам цікавыя, нешта прапаноўваць. І ў цэлым мне хацелася б папрацаваць потым, у будучыні, у дзяржаўным органе Латвіі, таму што я магу быць карысны з маёй дастаткова добрай адукацыяй. А для гэтага мне трэба добра валодаць мовай. Я валодаю ангельскай (С1), італьянскай (ужо прызабыў, рэдка выкарыстоўваю), французскай (хачу яе падцягнуць, гэта, напэўна, будзе наступная), і нашымі роднымі рускай і беларускай».
«Няма сэнсу вучыць латышскую па казках, калі толькі ты не збіраешся сам іх пісаць»
«Перад тым, як пачынаць вывучаць мову, важна падумаць, навошта. Напрыклад, калі я хачу ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, мне патрэбна, скажам, лексіка эканамічная, палітычная, міжнародных адносін. Мне цікава глядзець навіны кожны дзень, LTV1, “Панараму”, і размаўляць на блізкія мне тэмы.
Калі чалавек збіраецца здаць іспыт, неабходна наведваць адмысловыя курсы. Там яго падрыхтуюць канкрэтна да заданняў, якія будуць на іспыце. Калі ты з бацькоў, які хоча дапамагчы свайму дзіцяці са школай, варта арыентавацца на падручнікі і прадметы, з якімі ёсць у дзіцяці праблемы. У такім выпадку ты вывучыш усё, што звязана з матэматыкай, фізікай і іншымі ўрокамі, а вось грамадска-палітычнай лексікі там будзе не так шмат. Таму няма сэнсу вучыць латышскую па казках, калі толькі ты не збіраешся сам іх пісаць — большая частка вывучанай з іх лексікі ў штодзённым жыцці табе наўрад ці спатрэбіцца.
У казках шмат састарэлых слоў, якія ўжываліся ў даўнія часы,
альбо такіх спецыфічных, як “чароўная палачка” і іншых. Для вывучэння сучаснай літаратурнай мовы я б параіў лепш чытаць дэтэктывы, напрыклад.
На жаль, курсы на ўзровень С2 латышскай сустракаюцца рэдка. Фактычна іх няма, і цяжка знайсці выкладчыка.
Далей мне давядзецца самастойна вывучаць.
Мая парада — вызначыцца з мэтай вывучэння і той галіной ведаў, той сферай, якая б вам пасавала, і тады ўжо выбіраць метад і матэрыялы, з дапамогай якіх асвойваеш мову. Яшчэ адзін момант: на мой погляд, вельмі развівае, калі пачынаеш пісаць на мове, узнаўляць уласныя думкі. Калі ты пішаш, хоць, можа, і не так хутка, як пры размове, ты вучышся думаць на мове. Ты адразу запамінаеш, як пішуцца словы. Калі ўжываў слова 10-20 разоў, ты запомніш яго правапіс. Не будзе праблем паставіць garumzīme (знак даўжыні — Ю. К.), паступова, метадам спроб і памылак, асвойваеш граматыку і правільныя канчаткі, запамінаеш моўныя звароты.
Калі пішаш, ты можаш дазволіць сабе думаць павольней, чым тады, калі спрабуеш гаварыць.
Пры вывучэнні мовы важны аб’ём намаганняў, якія ты гатовы прыкласці. І лепш вучыць канцэнтравана. Паспяховыя людзі, якія прысвячаюць гэтай справе больш, чым 6 гадзін у тыдзень. Калі больш за 10 гадзін у тыдзень — яшчэ хутчэй адбываецца засваенне. Гэта агульная колькасць часу — не важна, будуць гэта ўрокі кожны дзень або праз дзень. Калі да 6 гадзін у тыдзень не дацягваеш — ты топчашся на месцы і не можаш ісці далей.
Яшчэ кажуць, каб не забыцца на мову ніколі, нават калі ты перастанеш яе ўжываць, неабходна яе вывучыць мінімум да ўзроўню B2.
У мяне такое ўражанне, што латышы вельмі лаяльна ставяцца да ацэньвання ведаў тых замежнікаў, хто вывучае мову. І
ўзровень нямецкай В2 і С1, які патрабуюць, напрыклад, у Нямеччыне на дзяржэкзамене, і тое, якія заданні па латышскай на аналагічных узроўнях — адрозніваюцца.
У мяне жывуць у Нямеччыне сябры, якія здавалі нямецкую, я бачу і ацэньваю, як яны размаўляюць, асвоіўшы В2. Латышы занадта да нас добрыя. Калі ты ходзіш на курсы латышскай і слухаеш, і ўдзельнічаеш, нават калі не паспяваеш зрабіць хатняе заданне — хутчэй за ўсё, экзамен ты здасі.
У сям’і (у Рамана жонка і маленькая дачушка. Сваё каханне ён сустрэў у Латвіі — Ю. К.)
мы пераважна на рускай размаўляем, але спрабуем уключаць перыядычна латышскую. Я б хацеў, каб маё дзіця ведала тыя мовы, якія ведаю я.
Імкнуся дачцы ставіць аўдыё, перадачы на самых розных мовах. Я не баюся, што ў яе будзе ў галаве “каша”, рана ці позна яна загаворыць на нейкай з гэтых моў. Прынамсі, вуха яе абвыкне да гучання розных моў і ёй будзе прасцей потым з імі».
«Мяне выгналі з краіны ўласныя суграмадзяне»
«Я хацеў бы стаць грамадзянінам Латвіі. Шчыра кажучы, усё больш часу праходзіць, і ў мяне ўсё менш надзеі, што змена палітычнага рэжыму ў Беларусі магчымая. Менш і менш уяўляю, што, нават пасля змены рэжыму, на такіх людзей, як я, у Беларусі будзе попыт, што я буду патрэбны сваёй краіне.
Украінцы могуць думаць пра вяртанне дадому.
Украінцаў выгналі з іх краіны іншаземныя захопнікі, а ў маім выпадку атрымліваецца, што мяне выгналі з краіны мае ўласныя суграмадзяне. І пасля змены ўлады ў Беларусі гэтыя людзі, якія ладзілі рэпрэсіі, нікуды не падзенуцца,
і мне давядзецца жыць разам з імі на адной зямлі. Калі шчыра, я гэтага не хачу. У Латвіі я знайшоў свой новы дом, у плане каштоўнасцяў і прыярытэтаў мне латышы па духу бліжэй. Мне падаецца, што мне па-чалавечы лягчэй будзе жыць у Латвіі. Я не гатовы мірыцца, у адрозненне ад многіх беларусаў, з кіраўніком, які ўзурпаваў уладу, і цяпер, праз час, супраціў вельмі слабы... Я не разумею. Мне больш проста і зразумела жыць з людзьмі, якія ў 1991 годзе на Барыкадах змагаліся за сваю свабоду і атрымалі яе».
* * *
...Шчыра кажучы, на адным з апошніх урокаў латышскай мне было занадта цяжка. Не толькі мне — усёй групе. Мы чыталі паэзію Аляксандра Чака, і яна падалася мне неверагодна прыгожай і не менш складанай. Разумець сэнс метафар на чужой табе мове, чытаць мастацкую літаратуру — гэта, на мой погляд, вышэйшы пілатаж.
Я пыталася ў маіх суразмоўцаў, якая ў іх галоўная мэта ў вывучэнні латышскай, і ў кожнага з іх была свая. Мая ж — разумець мастацкія творы, чытаць іх на мове арыгінала.
Менавіта так, мне здаецца, можна найбольш глыбока спасцігнуць душу латышскага народа.
І яшчэ я занялася італьянскай. І, ведаеце, яна здаецца мне настолькі незразумелай! Зусім чужой! Хаця ўсе сябры як адзін кажуць мне, што ў параўнанні з латышскай італьянская вельмі простая, і зусім няма праблемы яе вывучыць. Ды не — латышы мне, беларусцы, значна бліжэй эмацыйна, нашыя менталітэты падобныя. Мы ж суседзі! А вось італьянцы прадстаўляюць зусім іншую культуру, і яны...
Хаця гэта ўжо зусім іншая гісторыя.