Думкі беларуса. «Эра сямідзесяцігадовых кіраўнікоў заканчваецца. Беларусь мае патрэбу ў новых людзях»

У ліпені 1994 года першым прэзідэнтам Беларусі стаў былы дэпутат Вярхоўнага Савета Аляксандр Лукашэнка. З таго часу, напрыклад, у Латвіі, Украіне і ЗША змянілася па шэсць кіраўнікоў краіны, у Літве і Эстоніі — па пяць, у Польшчы — сем, у Эфіопіі — чатыры… Больш за трыццаць гадоў у маёй краіне адзіны «гаспадар».

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

У 2020 годзе яму беларусы крычалі «сыходзь», але ён пры дапамозе сілавікоў утрымаў сваё крэсла. Нават за аўтамат прыйшлося хапацца! І вось мінская «ўлада» запланавала чарговыя «выбары» на 26 студзеня 2025 года. Як яны пройдуць? І колькі адсоткаў намалюе «ўлада» па выніках галасавання?

Калі ў апошні раз у маёй краіне была дэмакратычная змена ўлады, мне было амаль восем гадоў. Зразумела, што з тых выбараў я нічога не памятаю, бо якія выбары ў такім узросце? Лепей з сябрамі зямлянку адкапаць! Калі крыху падрос і стаў цікавіцца жыццём у краіне, то дапытваўся ў бацькоў пра першыя выбары прэзідэнта ў Беларусі. І, ведаеце, сваякі распавядалі, што ў той час былы дэпутат атрымаў давер большай колькасці людзей, бо быў хлопцам з вёскі. Але ці так яно было насамрэч?

Гістарычны агляд

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе пытанне ўсталявання палітычнай сістэмы было вельмі важным. У 1994 годзе была прынята новая Канстытуцыя, якая ўвяла пасаду прэзідэнта і рэгламентавала выбарчы працэс. У той час на пасаду прэзідэнта было заяўлена дзесяць кандыдатаў, але асноўную барацьбу вялі некалькі фігур. Гэта Станіслаў Шушкевіч — першы кіраўнік Беларусі пасля распаду СССР, Вячаслаў Кебіч — прэм’ер-міністр краіны таго часу, і Аляксандр Лукашэнка — незалежны кандыдат.

Станіслаў Шушкевіч выступаў за поўную інтэграцыю з заходнімі краінамі і крытыкаваў савецкае мінулае. Вячаслаў Кебіч у сваіх прамовах падтрымліваў цесныя эканамічныя адносіны з Расіяй. А Лукашэнка… быў іншым.

Малады і энергічны лідар

У 1994 годзе яму было ўсяго 39 гадоў (супраць 56-ці Кебіча і 59-ці Шушкевіча), і ён пазіцыянаваў сябе як малады і энергічны лідар. Адзін з яго перадвыбарчых плакатаў таго часу распавядаў (карцінка):

«Эра сямідзесяцігадовых кіраўнікоў заканчваецца. Беларусь мае патрэбу ў новых людзях, у новай палітыцы».

Добрая прапанова! На «выбарах» 26 студзеня 2025 года грамадзяніну Лукашэнку будзе 70 гадоў, 4 месяцы і 26 дзён. Ці памятае ён свае былыя думкі?

У праграме 1994 года Лукашэнка акцэнтаваў увагу на неабходнасці змагання з карупцыяй і злоўжываннямі ў вышэйшых эшалонах улады. Добры пункт! Мабыць, дзякуючы такому падыходу з’явілася ўсяго 17 рэзідэнцый, а не 80, як у Саддама Хусейна. І без пакояў для гразевых ваннаў, як у Пуціна. Бюджэтна.

А яшчэ ў 1994-м ён абяцаў прывесці да ладу і эканоміку ў краіне. Памятаеце пра абяцанне заробку «па 500 долараў»? З таго часу прайшло 17 гадоў. Чаму не атрымалася?

Выбарчая праграма Лукашэнкі 1994 года была пра палітычную стабільнасць як аснову для будучых рэформаў. Са стабільнасцю ўсё «добра», а што наконт рэформаў? На мінулых выходных ён зноў прапанаваў:

«Распрацаваць стандартны сацыяльны пакет для маладых спецыялістаў, якія едуць працаваць у вёску (арэнднае жыллё, фінансавае, транспартнае забеспячэнне і так далей)».

Шыкоўна! Але, здаецца, мы гэта ўжо калісьці чулі? Яшчэ з 2004 года павышэнне якасці жыцця на вёсцы — галоўная задача. Не хапіла 20 год?

«На дзяржаўным тэлебачанні… ідзе хлусня!»

Мая ўлюбёная цытата дэпутата Вярхоўнага Савета Аляксандра Лукашэнкі з эфіра на тэлебачанні ў 1994 годзе пра журналістыку:

«Тое, што адбываецца сёння на дзяржаўным тэлебачанні… ідзе хлусня, суцэльная хлусня! Калі ты ненадзейны, з табой кантракт не заключаюць. Што гэта за дзікасць?...»

Нейкая машына часу 2024-1994! Не верыце? Паглядзіце беларускія навіны, а потым пагаварыце з жыхарамі Беларусі. Ведаю, што ў латышоў шмат сваякоў у маёй краіне. Упэўнены, вы будзеце здзіўленыя. Ведаеце, сярод беларусаў нават ёсць жарт, што беларуская тэлебачанне паказвае не рэальную краіну, а тую самую марвэлаўскую «Ваканду» — Беларусь будучыні — краіну, у якой хацелася б жыць.

Нагадаю, сёння ў Беларусі не засталося ніводнага незалежнага медыя. Усе скасаваны! 37 журналістаў былі затрыманыя за сваю журналісцкую дзейнасць і сёння знаходзяцца за кратамі.

 І працяг прамовы з «прыгожага далёка»:

«Гэта ж пячорная палітыка ў дзяржаве. Сродкі масавай інфармацыі папросту згвалтаваныя. Журналісты баяцца. Яны ж таксама людзі. І я, будучы прэзідэнтам, калі гэта адбудзецца, ніколі не буду душыць гэта».

Па ўзроўні свабоды слова Беларусь займае чацвёртае месца... з канца. Маю краіну «апярэджваюць»: Нікарагуа, Эрытрэя і Паўночная Карэя… Вось гэта спаборніцтва!

Стаўка на гісторыю краіны

Ведаеце, у 1994 годзе Лукашэнка акцэнтаваў увагу на беларускай нацыі. Ён ставіў на гісторыю краіны і культурную ідэнтычнасць. Але што адбылося за трыццаць год? Сёння падлеткі не ведаюць беларускай мовы. І ў маёй краіне гэтае пытанне стаіць значна вастрэй, чым моўнае пытанне ў Латвіі.

Калі я вучыўся ў школе, то чуў беларускую мову кожны дзень. А сёння яе выкладаюць усяго адну гадзіну на тыдзень. Ну і як яе ведаць?

Прызнаюся, у сталым узросце я наведваў у Магілёве курсы «Мова нанова» — гэта ініцыятыва па вывучэнні беларускай мовы, але мой галоўны рэдактар забараніў мне наведваць гэтыя лекцыі пад пагрозай звальнення… Вось гэта матывацыя!

У Беларусі курсы «Мова Нанова» былі зачыненыя ў 2021 годзе.

Выбары 1994 года

У першым туры, які адбыўся 23 чэрвеня 1994 года, ніхто з кандыдатаў не набраў большасці галасоў, неабходнай для перамогі. Лукашэнка атрымаў — 45,1% галасоў, Кебіч — 17,4%, а Шушкевіч — 9,9%. У другім туры, які адбыўся 10 ліпеня 1994 года, Аляксандр Лукашэнка, паводле афіцыйных даных, набраў 80,3% галасоў, а Вячаслаў Кебіч — толькі 14,2%.

Але амаль праз два гады пасля выбараў беларусы зразумелі, што «кандыдат ад народа» мае жаданне падмануць людзей.

Пратэсты ў 1996-м

У 1996 годзе прэзідэнт Лукашэнка прапанаваў правесці 24 лістапада рэферэндум па змяненні Канстытуцыі. Праз гэты рэферэндум прапанавалася размеркаванне ўлады паміж галінамі ўрада. А яшчэ — абмяркоўвалася ўмацаванне прэзідэнцкай улады і працяг тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка толькі што прагаласаваў на рэферэндуме аб працягу ўласных паў...
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка толькі што прагаласаваў на рэферэндуме аб працягу ўласных паўнамоцтваў. Беларусь, Мінск, 24.11.1996.

Вось так за два гады дэмакратыя пераўтварылася ў дыктатуру.

Пратэсты пачаліся ў сакавіку, калі Лукашэнка абвясціў пра намер правесці рэферэндум. 24 сакавіка 1996 года адбылася адна з першых буйных акцый пратэсту — «Марш Дня Волі». Апазіцыя і частка грамадства асцерагаліся ўсталявання аўтарытарнага рэжыму.

Самыя маштабныя акцыі пратэсту прайшлі ў лістападзе 1996 года, непасрэдна перад і пасля рэферэндуму 24 лістапада. Тысячы пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы, каб выступіць супраць зменаў у Канстытуцыі і спробаў Лукашэнкі кансалідаваць уладу. Пратэсты скончыліся жорсткім падаўленнем з боку ўладаў, што стала сігналам да пачатку перыяду рэпрэсій і абмежавання дэмакратычных свабод…

Больш, чым Сталін

Іосіф Сталін фактычна знаходзіўся ва ўладзе 29 гадоў. Муамар Кадафі ўтрымліваў уладу ў Лівіі амаль 42 гады. Фідэль Кастра знаходзіўся ва ўладзе — 49 гадоў, і я памятаю, як яго вывозілі да публікі ў інвалідным вазку… Таму ў беларусаў яшчэ ўсё наперадзе.

«Прэзідэнт» Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае Віцебскую вобласць. Беларусь, Віцебск, 20.07.1999.
«Прэзідэнт» Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае Віцебскую вобласць. Беларусь, Віцебск, 20.07.1999.

Што наконт выбараў, якія адбудуцца 26 студзеня 2025 года ў Беларусі? Агітацыйная машына ўжо на ўсіх абаротах робіць флэшмобы і запрашае Лукашэнку ў крэсла кіраўніка краіны. Але мы памятаем адказ простых працоўных беларусаў чатыры гады таму.

Ведаеце, адзін з маіх знаёмых у 2006 годзе быў у выбарчай камісіі на ўчастку галасавання і распавядаў, як рабіліся ўкіды ў гэтыя урны. Як галасавалі за тых, хто не прыйшоў на ўчастак. І калі палічыць колькасць выціснутых з краіны, то 600 000 ужо прагаласавалі за кандыдата ад «улады». За тых, хто ў краіне — таксама паставяць патрэбныя крыжыкі.

Што наконт астатніх кандыдатаў? Улада выставіла тэхнічных канкурэнтаў, абмяркоўваць іх няма сэнсу. Частка з іх, як заўсёды, самастойна здыме свае кандыдатуры бліжэй да часу галасавання.

Мой прагноз — ад 90 да 92 адсоткаў намалююць Лукашэнку на гэтую пяцігодку. Бо ніжэй за 2020-ты — нельга! А там «афіцыйная» лічба — 80,1% выбарцаў.

Чаму менавіта ад 90%? Таму што, па-першае, краіну «перавыхавалі», па-другое, «беглыя» — збеглі, і ў краіне на засталося апазіцыі. Рэжыму патрэбная лічба, якая паказвае поўны «давер» людзей. А яшчэ патрэбнае прызнанне ЗША і Еўрапейскага Звязу. Для гэтай мэты ва «ўлады» козыры ў рукаве, а калі дакладней, у турме — Ціханоўскі, Бабарыка, Калеснікава і іншыя. Менавіта палітвязнямі і будуць гандляваць...

Што адчуваем мы, эмігранты? Ведаеце, а нічога — унутры пустэча. Мы разумеем, што сапраўдныя выбары праводзіліся апошні раз у 1994 годзе. Мы ведаем, што ў 2020 годзе рэжым чарговы раз утрымаў уладу і зрабіў гэта з забойствам беларусаў.

Ці адбудуцца пратэсты ў 2025 годзе? Не! Чаму? Людзі запалоханыя.

У кожнай сям’і ёсць тыя, хто пакінуў краіну ці адседзеў свае суткі і нават гады. Шмат сем’яў, дзе і сёння бацькі, браты, жонкі, дзеці — у турме…

Карагод маленькіх «чорных лебедзяў»

Таму людзі ў краіне «перагарнулі старонку» і жывуць чаканнем. Чакае свайго часу па ўсёй краіне і шампанскае ў лядоўні. Ці ведаеце, на які выпадак?

Адзін з маіх сяброў верыць у «чорных лебедзяў». Але што гэта за птушка такая? У якім годзе яна завітае ў Беларусь? Гэта сталінскі 1953? Ці падступны снежань 1989 года для Чаушэску? Альбо кастрычнік 2011 года для Кадафі?

Трэба разумець, што

пакуль ідзе вайна ва Украіне і пакуль рэжым Пуціна будзе ў Крамлі, мары пра змены ў Беларусі застануцца марамі.

Бо калі лебедзі і прыляцяць, ці не пачне Пуцін бамбіць разам з Кіевам і Мінск? Таму нам патрэбны адразу дзве птушкі.

Ведаеце, старажылам сярод прэзідэнтаў у сучаснай гісторыі з’яўляецца Тэадора Абіанг Нгема Мбасога з Экватарыяльнай Гвінеі. Ён знаходзіцца ва ўладзе з 1979 года, што робіць яго прэзідэнтам на працягу ўжо больш як 45 гадоў.

Магчыма, Лукашэнка спаборнічае з ім?

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае на кліматычным саміце. Азербайджан, Баку, 12.11.2024.
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае на кліматычным саміце. Азербайджан, Баку, 12.11.2024.

Памылка ў артыкуле?

Вылучыце тэкст і націсніце Ctrl+Enter, каб даслаць выпраўлены фрагмент тэксту рэдактару!

Калі ласка, вылучыце ў тэксце адпаведны фрагмент і націсніце Паведаміць пра памылку.

Падобныя артыкулы

Яшчэ