● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
Нас, вельмі адважных, адчайных дзяўчат і хлопцаў (жартую), якія разам прайшлі навучальны курс, арганізаваны для ўцекачоў Міністэрствам культуры Латвійскай Рэспублікі пры падтрымцы ЕС, на іспыце (разам са мной) было чацвёра. Калі мы пачыналі наведваць заняткі нашай настаўніцы Сандры Кіўленіецэ (Sandra Kivleniece), нас было чалавек 15. Да фіналу дайшлі не ўсе: хтосьці, не ўпэўнены ў сваіх сілах, вырашыў паўтарыць узровень нанова, у кагосьці за гэты час нарадзілася дзіця, хтосьці яго чакае, сёй-той замуж у іншую краіну сабраўся... Словам — за час навучання вучні і настаўнік сумесна пражываюць сапраўднае маленькае жыццё. Дык вось,
у выніку нас было чацвёра: тры беларусы і беларускі і адна ўкраінка. Усе здалі паспяхова.
Як жа ўсё ж ім (нам!) гэта ўдалося, чаму патрэбна латышская, і ўвогуле якое бачанне сябе і сваёй будучыні ў краіне, якая іх прыняла і стала для іх новым домам? Пагаварыўшы з імі, я пачала пісаць, і зразумела: іх гісторыі настолькі цікавыя, што ў адзін артыкул не змяшчаюцца. За гэтымі думкамі і сапраўды — цэлае чалавечае жыццё. Буду распавядаць па чарзе. Першаму даю слова беларусу Аляксандру.
«Я хачу ў Латвіі пачувацца дома»
«Я ў Латвіі крыху больш за тры гады. Пэўны элемент свядомага выбару менавіта Латвіі быў, хаця, хутчэй, так склаліся абставіны. І маё рашэнне было заснавана, як я зараз разумею, на памылковых уяўленнях пра Латвію.
Нават калі пераезд у іншую краіну не запланаваны, ты ў прынцыпе разумееш, што першая неабходнасць — вывучэнне мясцовай дзяржаўнай мовы. Я гэта першапачаткова разумеў і прымаў, ніякага ўнутранага супраціву ў мяне не было.
Я праграміст-фрылансер (зарэгістраваны як самазаняты — Ю. К.) і працую на замежныя кампаніі. У мяне ёсць розныя кліенты, але цяпер я на працы размаўляю, на маё шчасце, на роднай, беларускай, мове кожны дзень.
На латышскай па працоўных пытаннях яшчэ ні разу не камунікаваў — звычайна мая працоўная мова ўсё ж такі англійская.
У Беларусі амаль усё сваё жыццё я адчуваў, што гэтая краіна… гэтая дзяржава мне не належыць — гаспадары тут іншыя людзі, а я “па іх літасці” тут знаходжуся. Пры тым, што я там нарадзіўся, што гэта мая радзіма. І гэтае адчуванне пачало ў мяне знікаць толькі ўжо ў даволі дарослым узросце, у 2019 годзе. Спачатку вырашыў, што гэта таму, што я купіў сваю зямлю (ва ўласнасць у Беларусі — Ю. К.), а цяпер я думаю, што на самай справе — не, што на самай справе адбываліся пэўныя працэсы ў грамадстве. У 2020 годзе мы пераканаліся: шмат хто з беларусаў паверыў у тое, што гэта сапраўды іх краіна, і людзі вельмі моцна здзівіліся, што іх дзяржава паводзіла сябе не так, як па-сапраўднаму іх дзяржава.
Прыехаўшы ў Латвію, я ўбачыў тут, што рускамоўныя жыхары вельмі часта разважаюць менавіта так, як я разважаў раней. Яны як быццам не адчуваюць сваёй датычнасці, свайго дачынення да краіны, дзе яны жывуць.
Яны ўспрымаюць кантэкст, у якім знаходзяцца, як чужы, не адчуваюць, што валодаюць ім. Я пакаштаваў ужо такое адчуванне ў Беларусі, я не хачу ўсё жыццё з ім жыць
— я хачу тут, у Латвіі, пачувацца дома.
Відавочна, для гэтага неабходна размаўляць на дзяржаўнай мове, разумець, што гавораць табе людзі. Несправядлівасці я не буду адчуваць, бо я эмігрант. Пакуль я яшчэ “ў гасцях”, але я не хачу — разважаючы пра далёкую будучыню — да канца сваіх дзён заставацца “ў гасцях”. Як я магу быць дома, калі я не разумею, што гавораць мне, напрыклад, суседзі?
Гэта і ёсць мая матывацыя вывучаць латышскую».
«Іспыты былі даволі лёгкімі, экзаменатары да нас лаяльныя»
«Вучыць латышскую я пачаў яшчэ да прыезду ў Латвію, і першае слова, пра якое я даведаўся, было даволі банальным — мусіць, labdien. Я глядзеў урокі на папулярным відэахостынгу. Прыехаўшы ў Латвію, пачаў наведваць курсы па вывучэнні латышскай мовы. Маімі настаўнікамі былі Лоліта, Эрыка, Іева і Сандра — усе яны вельмі розныя, са сваімі падыходамі ў выкладанні, я вельмі ім удзячны, і гэта добра, што методыкі навучання адрозніваліся.
У ліпені 2024 года я здаў на ўзровень B2, з агульным вынікам 92 працэнты. Гэта быў ужо трэці для мяне іспыт, да гэтага я здаваў на А2 і В1. І ўсе тры былі даволі лёгкія: я справіўся спакойна, таму што
мне сертыфікат, па сутнасці, не патрэбны, ад гэтага мой лёс не залежыць. Хутчэй, я здаваў для сябе, каб парадавацца.
Самай складанай часткай на іспыце была размова, яна аказалася нечакана няпростай. Я ўжо расслабіўся пасля пісьмовай часткі, падумаў: ой, здаецца, усё самае складанае ўжо ззаду, — а размова аказалася больш сур’ёзнай. Увогуле яшчэ ёсць над чым працаваць.
Пісаць на латышскай мове цяжка: не заўсёды разумею, дзе якія дыфтонгі, не заўсёды гэта памятаю. Цяпер жа мы пішам практычна ўсё на камп’ютары, і ў мяне стаяць праграмы, якія правяраюць правапіс і выпраўляюць памылкі аўтаматычна. А на іспыце ты пішаш на аркушы паперы ад рукі — падказак няма. Мне здаецца, экзаменатары ставяцца лаяльна да такіх нашых памылак.
Мая самая высокая мэта ў вывучэнні латышскай — гэта пасварыцца з кім-небудзь на латышскай.
Жартую. Зараз патлумачу. Размова, вядома ж, не вядзецца пра нецэнзурную лексіку. Калі я змагу свабодна выказаць свае прэтэнзіі, свае эмоцыі чалавеку на латышскай мове, дыскутаваць на любыя тэмы, і суразмоўца зразумее мае аргументы, я змагу даказаць свой пункт гледжання, я буду лічыць, што маё навучанне скончана. Бо калі ты размаўляеш на чужой мове — ты ва ўразлівым становішчы: ты можаш не ўсё зразумець, табе даводзіцца апраўдвацца (“паўтарыце, калі ласка, я эмігрант”), і падобнае. Пакуль я далёка ад маёй мэты. Яшчэ пару гадоў мне спатрэбіцца, думаю. Але я ўжо бачыў сны на латышскай! Як правіла, мне сняцца абсалютна рэалістычныя сітуацыі: напрыклад, я іду ў паліклініку і там размаўляю...»
«Мой сакрэтны метад — чытаць кнігі»
«На кожнай прыступцы засваення мовы працуюць розныя методыкі навучання. Мой галоўны сакрэтны метад — чытаць кнігі на латышскай. На мой погляд, самае галоўнае ў любой мове — гэта слоўнікавы запас. Сядзець, “дзяўбці” новыя словы — гэта складана. Шчыра кажучы, вельмі лянота папаўняць прыкладанне ў тэлефоне новымі словамі. Хаця гэта неабходна, каб іх запомніць. Напрыклад, едзеш, пачуў па радыё нейкае новае слова — а запісаць яго асобна няма як, нязручная сітуацыя, ты за стырном.
Калі чытаеш кнігі, слоўнікавы запас расце максімальна хутка,
але, каб дайсці да гэтага ўзроўню валодання мовай, мусіць, трэба дабрацца да В1 — гэтая парада не для пачаткоўцаў. Я толькі-толькі дасягнуў такога поспеху, што магу чытаць кнігі. Аднак у кожным сказе ёсць слова, якога я не разумею, на кожнай старонцы — ёсць хаця б адзін сказ, мне не зразумелы. А часам і цэлы абзац праходзіць міма мяне! Але я на гэтым не зацыкліваюся — чытаю далей і здагадваюся потым з кантэксту. Мяне натхняе, што ў кнігі цікавы сюжэт, і я хачу ведаць — а што там далей, чым скончыцца? Чытаю перакладныя кнігі, фантастыку.
У цэлым мая парада тым, хто толькі пачынае вывучаць латышскую мову — спажывайце як мага больш кантэнту, які вам цікавы, менавіта асабіста вас натхняе. І каб гэта не было сумна. Калі я быў на ўзроўні А2, я разумеў цалкам “Свінку Пэпу” — але гэта было так нудна! Матывацыі зусім не было. А ўжо потым я пачаў выбіраць найболей цікавы для мяне кантэнт. Яшчэ мы з жонкай глядзім фільмы на replay.lsm.lv. Не ўсе, але многія перадачы і фільмы там суправаджаюцца субтытрамі, што спрашчае прагляд і разуменне.
Вяртанне на Радзіму залежыць не ад нас. Відавочна, што ні дыктатура, ні дыктатар паміраць не збіраюцца... І так, мы з жонкай жадаем натуралізавацца ў Латвіі. Нашых будучых дзяцей мы плануем гадаваць на беларускай і латышскай мовах».
* * *
А як жа я, ваша адданая аўтарка? Дзеля справядлівасці, я здала экзамен горш за маіх аднакурснікаў, з агульным вынікам 82 працэнты (агульны прахадны бал для атрымання моўнага сертыфіката — 60 працэнтаў). Мае сябры здалі на 90 працэнтаў і вышэй. Я вывучаю мову тры гады, за гэты час у мяне было тры выкладчыкі, якім я вельмі ўдзячная: Лоліта Зілбертэ (Lolita Zilberte), Лаймдота Свікліня (Laimdota Svikliņa) і вышэйзгаданая Сандра Кіўленіецэ. І так, мы ўсе ўжо запісаліся да Сандры на працяг курсу — на ўзровень латышскай мовы C1.
Як той казаў: вочы баяцца — рукі робяць.
Пажадайце нам удачы!
Працяг будзе.