● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
Ці быў я здзіўлены, калі атрымаў разлікоўку? Яшчэ як! Асабліва, калі ў Беларусі гэты плацёж заўсёды быў ніжэй у сем ці дзесяць разоў! Але пасля трохвіліннага шокавага стану зразумеў, што такія вялізныя плацяжы — гэта норма. І вось чаму.
Калі мы з сям’ёй былі выціснуты з роднай краіны і апынуліся ў Рызе, то першыя некалькі тыдняў жылі ў кватэры, якую здымалі пасутачна. Святлом і вадой карысталіся, як на радзіме — без асаблівай эканоміі. Шукалі кватэру для больш сталага жытла самастойна праз аб’явы на адным з профільных сайтаў. Зразумела, мы чулі, што ў Латвіі больш вялікія камунальныя плацяжы, чым у Беларусі. Нават у большасці аб’яў былі радкі пра рахункі, а некаторыя ўласнікі дадавалі і фотаздымкі квітанцый за мінулыя зімовыя месяцы. Самыя вялізныя з іх — каля 150 еўра. Гэта быў канец лета 2022 года — таму
нават мясцовыя жыхары не ведалі, які «сюрпрыз» будзе чакаць іх у разлікоўках за цяпло зусім хутка…
Адна з кватэр, на агляд якой я адправіўся асабіста, была на праспекце Брывібас у Рызе. Цудоўны двухпавярховы дом з кавярняй на першым паверсе быў у той частцы праспекта, якая бліжэй да выезду з горада па трасе А2. Мне спадабаўся раён: каля дома было некалькі крам, пяцьсот метраў да дзіцячага садка, добрае транспартнае злучэнне, і, калі шчыра, месца нагадвала мне мінскі раён Асмалоўку. А гэта мае самае ўлюбёнае месца ў Мінску!
Сам дом на Брывібас быў таксама ў добрым стане — яго ўладальнік жыў у адной з кватэр, а ўсяго іх было пяць: дзве на першым паверсе і тры на другім. У кватэры было амаль усё, што патрэбна для жыцця маёй сям’і. Калі размова з Маркам, так звалі ўласніка, пайшла пра грошы і абавязковыя плацяжы, у гутарцы ён выраніў такую фразу: «У Мінску жыве мой сябар. Час ад часу я тэлефаную яму і добра ведаю пра жыццё ў вашай краіне. Вось бы і нам такія нізкія камунальныя плацяжы, як у вас!».
Далей быў мой маналог, у якім я распавядаў пра сапраўднае жыццё беларусаў у сваёй краіне. Мы закранулі і заробкі, і падаткі, і цэны на харчаванне, і таталітарны рэжым, які з забойствамі звычайных беларусаў захапіў уладу ў 2020 годзе. А праз два гады гэтая саманазваная «ўлада» дала Пуціну дазвол на тое, каб з тэрыторыі Беларусі расійскае войска напала на незалежную Украіну...
Калі вам з Латвіі здаецца, што жыццё ў Беларусі вельмі таннае, то гэта так толькі з пункту гледжання еўрапейскіх заробкаў. Так, падчас маёй размовы з Маркам у 2022 годзе сярэдняя зарплата ў Беларусі складала прыкладна 400 еўра. Вы ж ведаеце, як яна фармуецца? А сам Лукашэнка ўпершыню паабяцаў дасягнуць сярэдняй зарплаты ў 500 долараў яшчэ ў 2016 годзе! Падлічыце самастойна, колькі гадоў прайшло? А як наконт інфляцыі? Аднак з таго часу гэта абяцанне так і не было выканана.
Напрыклад,
мае бацькі ўжо сеньёры, і яны вымушаны працаваць на пенсіі, каб былі тыя самыя «чарка да шкварка».
І гэта пры тым, што ў іх ёсць свая кватэра. А калі ты з іншага горада і табе трэба здымаць жыллё, нават з заробкам, вышэйшым за 500 еўра, выжыць у беларускай сталіцы — задача з «зорачкай».
Што наконт цэн на самую простую ежу? Адкрываем сайты з прадуктамі ў Мінску і Рызе, глядзім: яйкі каштуюць у Беларусі 1,36 еўра за дзясятак, а ў Латвіі — 1,65. Свініна — 6,72 еўра за кіло ў Мінску супраць 6 еўра ў Рызе, бульба беларуская — 0,58 за кілаграм, а бульба латвійская — 0,79 еўра.
Частка маіх знаёмых карыстаецца мікракрэдытамі, каб набыць прадукты. Як вам такая сацыяльная краіна?
Калі вярнуцца да кватэры на Брывібас, то падчас агляду і размовы з яе ўладальнікам фонава працаваў тэлевізар. Блок за блокам ішлі навіны па «Еўраньюс». І вось дыктар распавядае, што існуе магчымасць адпраўкі беларусаў на фронт ва Украіну. Унутры ўсё абарвалася…
Да таго моманту свет ужо бачыў кадры з Бучы і Марыупаля, таму кожны мог уявіць, што гэта за вайна… І, ведаючы беларускі рэжым, які на сто адсоткаў залежыць ад Крамля, гэтая навіна была такой рэалістычнай!
— А ці існуе сотая доля таго, што жыхароў Латвіі адправяць ваяваць? — спытаў я тады ва ўладальніка кватэры.
— Ні ў якім выпадку! — рэзка адказаў Марк.
Ведаеце, вось гэта і ёсць галоўная прычына, чаму вялізарныя камунальныя плацяжы — гэта сумнеўна, але Okаy!
Беларусы атрымліваюць танны расійскі газ і ім ацяпляюць краіну. На дадзены момант — гэта не так моцна б’е па кішэні простых людзей. Але
расплочвацца таксама простым беларусам
— існуе вялікая верагоднасць, што Лукашэнка, канчаткова абмяняе незалежнасць на газ, нафту і дадатковыя крэдыты ад Расіі. А расплочвацца давядзецца тым, што патрэбна Пуціну — людзьмі на фронце. Ці згодны вы на такую матэматыку? Я — не!
342 еўра за камунальныя — гэта шмат! Але я ведаю сям’ю з чатырох чалавек, якая здымае апартаменты недзе ў цэнтры, і ўзімку іх разлікоўка перавальвае за 500 еўра. Шокавыя лічбы! Як мы, эмігранты, выкручваемся? Мы з жонкай вядзём табліцу з нашымі заробкамі і абавязковымі тратамі. Заўсёды некалькі разоў пералічваем грошы, абмяркоўваем пакупкі.
Летам паціху адкладваем на зімовыя плацяжы.
І з восені заўсёды шукаем магчымасць дадатковай працы.
Летам нашыя з жонкай заробкі пакрываюць абавязковую арэнду кватэры, камунальныя плацяжы, аплату дзіцячага садка (дзяржаўнага), секцыі гімнастыкі, харчавання, і застаецца каля 15 адсоткаў ад агульнай сумы. Гэтыя грошы ідуць на набыццё зімовага адзення, пакуль яно не такое дарагое. Калі застаецца яшчэ нешта — складваюцца пра запас.
У зімовыя месяцы асноўнага заробку не хапае, каб пакрыць пералічаныя траты.
Асабліва калі хто-небудзь з сям’і хварэе. Каб наведаць лякарню, патрэбна даставаць грошы з той самай «свінкі»-капілкі. Натуральна, больш за паўгода збіраў на візіт да стаматолага…
Гэта абмежаванне жыцця ва ўсіх сэнсах — патрэбна лічыць кожны цэнт і кожную гадзіну. Адмаўляць сабе, жонцы, дзецям амаль ва ўсім! Але мець стоадсоткавую магчымасць адказаць дзіцяці перад сном: «Ar labu nakti» і пачуць у адказ: «Saldus sapņus». І пайсці далей — працаваць, шукаць заробак.
Ну а як інакш? У нашым з вамі рэгіёне ідзе вайна… Зразумела, у акопах прыйдзецца абыходзіцца без гэтага. А яшчэ — кошт камуналкі не трэба будзе лічыць!
Дарэчы, кватэру на Брывібас мы так і не арандавалі. Знайшлі наша гняздзечка на адной з вуліц у раёне Авоту. Мэтч з уладальніцай кватэры адбыўся адразу — жанчына сачыла за навінамі ў Беларусі па маіх былых артыкулах. Ведаю, што зімовыя месяцы складаныя ў фінансавым плане для ўсіх жыхароў Латвіі. Але,
калі вы атрымаеце жыроўкі, на хвіліну, пасля першага ўражання, задумайцеся, ці патрэбна вам меншая лічба ў квітанцыі па такой жа цане, якую плацяць беларусы?