Чаму жыхары Беларусі і Латвіі бліжэй, чым падаецца

Я ўжо пісала пра тое, што, прыехаўшы ў Латвію, практычна адразу заўважыла падабенства нацыянальных характараў беларусаў і латышоў. І я не стамлюся гэта паўтараць, паколькі нашая гістарычная агульнасць шматгранная і абсалютна відавочная, а кажуць пра гэта мала. Нашы народы — вельмі самабытныя, і адным толькі геаграфічным суседствам наўрад ці можна гэта растлумачыць. Аднак доўгія дзесяцігоддзі, калі не стагоддзі, нам спрабавалі ўнушыць ідэю трыадзінства, нібыта беларусы і ўкраінцы «малодшыя браты» рускага «старэйшага брата», што вось гэта і ёсць адзіная сапраўдная этнічная і культурная супольнасць.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Балтыйскія народы таксама не абмінуў складаны лёс гвалтоўнага далучэння да савецкай дзяржавы. Усеславянства як ідэалогія транслявалася, што называецца, з кожнага праса, чаго не скажаш пра ідэі іншыя, якія замоўчваліся. Імперскай уладзе вельмі хацелася зляпіць з нас шматгаловага дракона. З тым ідэалагічным прыцэлам, каб адна яго галава з’ела, — чаго ўжо далікатнічаць! — зжэрла — астатнія. Што мы, уласна, цяпер і назіраем: поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, эканамічнае і ідэалагічнае паглынанне Расіяй Беларусі, узмацненне дыктатур Лукашэнкі і Пуціна. Народ Латвіі ідзе сваім, унікальным шляхам, і здзіўляе, што гістарычна яе дарогі перасякаліся з беларускімі больш, чым мы можам уявіць на першы погляд.

Коратка пра доўгі спіс агульнага ў нашых народаў

Я ўжо згадвала, што беларусы — людзі зямлі, хутарская нацыя, жыхары Латвіі — таксама. Адзін з галоўных твораў нашай літаратуры — «Новая зямля» Якуба Коласа, што адзначыў летась 100-гадовы юбілей. Паводле яго,

быць гаспадаром сваёй уласнай зямлі і працаваць і жыць у доме на ёй — сэнс жыцця беларуса.

У савецкі час, час калгасаў і калектывізацыі — думка, мякка кажучы, крамольная. Якуб Колас напісаў сваю эпічную паэму, знаходзячыся ў мінскім астрогу — як «палітычны». Засадзіў яго туды, зрэшты, рэжым не савецкі, а царскі, што намякае на нейкую пераемнасць, тым больш, што ягоны стрыечны праўнук паўтарае лёс прадзеда ўжо ў нашы дні.  

У нашых мовах, беларускай і латышскай, дастаткова шмат агульных слоў. Настолькі шмат (пару дзясяткаў, і спіс пастаянна папаўняецца), што актывісты аб’яднання беларусаў Латвіі «Суполка» стварылі настольную гульню «Адгадай слова», якую паспяхова прэзентавалі на Дні Рыгі ў мінулым годзе.

Жыхары Латвіі ад малога да вялікага беспамылкова адгадвалі значэнне беларускіх слоў, паколькі яны і па гучанні, і па напісанні моцна падобныя да латышскіх.

Лацінка беларусам не ў навіну, мы яе выкарыстоўваем больш за 100 гадоў. Знакавая для нас газета «Наша ніва» выходзіла ў пачатку XX стагоддзя менавіта на лацінцы. Праўда, роўна столькі ж часу ўлада забараняла гэты правапіс — спачатку ў Расійскай імперыі, потым у савецкай, а цяпер за гэта ўзялася ўлада Лукашэнкі.

Як і ў жыхароў Латвіі, дзівосным чынам у беларусаў паганскія вераванні пераплятаюцца з хрысціянствам. Шанаваныя камяні і старажытныя каменныя крыжы, святыя крыніцы, размешчаныя каля праваслаўных храмаў — звычайная для нас справа. І ў Латвіі, і ў Беларусі ёсць музеі камянёў пад адкрытым небам: музей валуноў пад Мінскам таксама, як і культавыя мясціны ў Латвіі нагадваюць нам пра старажытныя рэлігіі нашых народаў.

Дзень памяці продкаў Дзяды спакойна ўжываецца з Радаўніцай, а хрысціянскае Раство і паганскія Каляды мы, беларусы, святкуем практычна адначасова. І нават доўгія гады саветызацыі не змаглі гэта выкараніць.

Канферэнцыя, якая не адбылася, і тэорыя Валянціна Сядова пра балцкі субстрат беларусаў

3-6 снежня 1973 года ў Мінску павінна была адбыцца навуковая канферэнцыя «Этнагенез беларусаў», удзел у якой збіраліся ўзяць даследчыкі з Масквы, Ленінграда, Кіева, Вільнюса і Тбілісі. Але ў выніку яна не прайшла, бо была забаронена камуністычнай уладай. Мне ўдалося даведацца пра гэта зусім нядаўна дзякуючы артыкулу, апублікаванаму ананімным аўтарам (сваё імя ён захаваў у сакрэце па меркаваннях бяспекі: некаторая навуковая дзейнасць у Беларусі зараз можа быць прызнана «экстрэмісцкай», калі яна адлюстроўвае не прасавецкую, адрозную ад афіцыйнай, ідэалогію). Адмянілі гэтую канферэнцыю, паколькі

савецкія чыноўнікі пабаяліся, што яна выкліча ўсплёск цікавасці да «беларускага нацыяналізму».

Аднак тэзісы дакладаў не былі знішчаны і захаваліся ў архівах.

Якая ж такая «забаронка» была ў тым навуковым зборніку на 200 старонак? Асаблівую цікавасць прыцягвае матэрыял доктара гістарычных навук, прафесара, археолага-славіста Валянціна Сядова (1924—2004), правадзейнага члена Расійскай Акадэміі навук (2003) і акадэміка Акадэміі навук Латвіі (1994). Высновы, зробленыя вучоным на аснове шматгадовых археалагічных раскопак, адрозніваюцца ад тых, якія мы часта чулі ў савецкі час і чуем да сёння. Не адмаўляючы агульнага паходжання трох усходнеславянскіх народаў, Сядоў адзначае яскравы балцкі кампанент у этнагенезе беларусаў. Цытую самога вучонага па артыкуле «Да паходжання беларусаў» (.pdf): «Асноўным пытаннем у вывучэнні праблемы фарміравання беларусаў зяўляецца высвятленне і аналіз тых прычын, якія выклікалі адасобленае моўнае і этнаграфічнае развіццё верхнедняпроўска-дзвінска-нёманскай часткі старажытнарускай народнасці».

Якія ж гэта прычыны? Цалкам артыкул можна прачытаць па спасылцы (.pdf), тут жа я коратка рэзюмую. Як адзначае Валянцін Сядоў, даславянскім насельніцтвам той часткі Усходняй Еўропы, дзе адбывалася фармаванне беларусаў, былі балцкія плямёны. Захаванне на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя, Падзвіння і Панямоння значнай колькасці водных назваў балцкага паходжання сведчыць пра тое, што славяне-прышэльцы не толькі заспелі тут балтамоўнае насельніцтва, але нейкі час жылі з ім на адной тэрыторыі, паступова змешваючыся з ім.

Таксама навуковец паказвае наяўнасць асаблівасцяў у беларускай мове, якія даказваюць уплыў на яе балцкіх моў (значыць, мне самой гэта не падалося!). Галаўныя вянкі (вайнагі) латгальскага тыпу, знойдзеныя пры раскопках доўгіх курганоў смаленска-полацкай групы крывічоў, упрыгожанні, спосаб пахавання людзей, а таксама конскія пахаванні сведчаць аб этнічнай блізкасці нашых народаў. У артыкуле на 18 старонках з вялікай колькасцю рэчавых доказаў сцвярджаецца гэты факт.

І нават антрапалагічны тып — гэта значыць генетычны набор і знешнасць — у нас падобныя. Ужо не кажучы пра этнаграфічныя асаблівасці, пра якія я згадвала вышэй.

* * *

Ашаламляльна: я, звычайны абывацель, седзячы дома ў марозны рыжскі вечар і сёрфячы ў Інтэрнэце, знаходжу інфармацыю, якая пацвярджае мае асабістыя адчуванні, што для нас, беларусаў, не проста так Латвія стала другім домам. Міф пра «славянскае братэрства» культываваўся імперскімі ідэолагамі вельмі настойліва, і, ведаеце,

я не супраць таго, што ёсць ува мне і ўсходнеславянская кроў, але праўда ў тым, што не толькі яна.

І што балтыйскія народы былі для нас па-сапраўднаму блізкімі. І застаюцца такімі.

Памылка ў артыкуле?

Вылучыце тэкст і націсніце Ctrl+Enter, каб даслаць выпраўлены фрагмент тэксту рэдактару!

Калі ласка, вылучыце ў тэксце адпаведны фрагмент і націсніце Паведаміць пра памылку.

Падобныя артыкулы

Яшчэ