● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
Быць эмігрантам у краіне-суседцы значна лягчэй, чым у якой-небудзь іншай. Беларусь і Латвія — гэта тыя самыя добрыя суседзі па пляцоўцы, якія і соллю падзеляцца, і ката пакормяць падчас камандзіроўкі, і за дзіцем, калі будзе патрэба, прыглядзяць. Мы, беларусы, добра памятаем, як у 2021 годзе былы мэр Рыгі Марціньш Стакіс першым падняў сапраўдны беларускі сцяг Дзякуй! Дзякуй усім уладам і жыхарам Латвіі за тое, што даяце магчымасць спаць ноччу без страху прачнуцца ад грукату ў дзверы…
Краіна за плотам — ці я за ім?
Але мая краіна — суагрэсар у вайне Расіі з Украінай. І санкцыі ляцяць на рэжым Лукашэнкі з усіх бакоў. Дастаецца і звычайным беларусам. Грамадзянам Беларусі цяпер забаронены ўезд у Латвію на ўласных і зарэгістраваных у Беларусі аўтамабілях. Рацыянальна я разумею, для чаго і чаму гэта зроблена, але калі чытаў тыя навіны — дыхаць стала цяжэй.
Яшчэ адна нітачка, якая звязвала з радзімай — абарвалася.
Час ад часу хтосьці з беларусаў на аўто наведваў Рыгу і прывозіў з сабой гасцінцы ад маці, а на зваротным шляху вёз гасцінцы да яе. Але не ў падарунках справа. Галоўнае — магчымасць убачыць знаёмыя твары, абняць сяброў і паслухаць навіны, якія яны не могуць распавесці нават праз закрытыя для беларускіх уладаў месенджары. Той плот, які сёння пабудаваны паміж нашымі краінамі, аднойчы рухне, і
на адну з яго частак мы, жыхары дзвюх незалежных краін, будзем прывозіць турыстаў.
І ў прамове, напэўна, абавязкова скажам: «Вось, даражэнькія, памятайце: лепш сябраваць, чым ваяваць!». Але гэта ўсё мары! Пакуль мая краіна за плотам. Ці я за ім?
«Як там мой Брэст?»
Мая праца — размовы з людзьмі. І ў гэтым навыку ў мяне «хай лэвэл». Але знайсці прыяцеляў у Латвіі — задача «з зорачкай».
Я не ведаю, чаму так атрымліваецца, але ўсе гутаркі пры знаёмствах падзяляюцца на тры тэмы. Першая — пра жыццё ў Беларусі, другая — пра вайну, трэцяя — пра велізарныя камунальныя плацяжы ў Рызе. На гэтым — усё, далей камунікацыя не ідзе…
Сябрам з мінулага жыцця тэлефаную амаль кожны дзень. Мы абмяркоўваем побыт, навіны, віншуем адзін аднаго са здачай польскай, латышскай ці літоўскай мовы. У размовах абавязкова вяртаемся да дому, да нашай Беларусі. Рэфлексуем па былым жыцці і марым. Марым вярнуцца.
Так, адзін мой сябра, які зараз вымушаны жыць недзе пад Варшавай, сумуе па Беларусі так моцна, што час ад часу ў тэлефонных размовах разважае: а ці не паехаць да пункта пропуску Цярэспаль — Брэст, каб там праз плот паглядзець на свой улюбёны Брэст? Яшчэ адна мая сяброўка, якая ў 2020-м была выціснута з Мінска ў Кіеў, а пасля — у Варшаву, прызнаецца, што ў выгнанні нават трава летам ёй не зялёная, бо яна не беларуская. Так яна сумуе па Мінску!
Па чым тужаць эмігранты?
Але па якім Мінску сумуюць беларусы? Па тым, які ўлады перафарбавалі ў чырвона-зялёны колер? Здаецца, гэта як у камп’ютарнай гульні Unreal Tournament, дзе для перамогі трэба было ўставіць сцяг на тэрыторыю суперніка. Але хто супернік — беларускі народ? Ці па велізарнай плошчы, на якой у час святкавання Новага года сілавікоў у форме было больш, чым звычайных жыхароў горада? А колькі яшчэ іх было ў «грамадзянскай»?
Былы калега, які зараз жыве ў адной з краін Балтыі, сумуе па парку ў Мінску каля вадаёму Мухля, па вуліцы Карла Лібкнехта і раёне «Розачкі» (раён вуліцы Розы Люксембург — У. Ч.). Гэта неафіцыйны Мінск — горад, дзе няма лозунгаў партыі.
Амаль усе, з кім гутарыў, сумуюць па бацьках. Я таксама больш за ўсё хацеў бы наведаць хату дзеда
і пагутарыць з ім падчас працы на агародзе. Хтосьці не вытрымлівае і вяртаецца ў краіну, каб пабачыцца з роднымі ці вырашыць якія-небудзь справы.
Ведаеце,
мы — як расліны, маем глыбокія карані, і перасадзіць у новы грунт не кожнага магчыма.
Напрыклад, адзін мой знаёмы хлопец наведаў Беларусь, каб прадаць кватэру. Гэтая паездка была цішком нават ад маці! Але не ўсім шчасціць, і многіх затрымліваюць улады. Так, беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна» падлічыў, што за 2024 год у Беларусі пасля вяртання затрымалі амаль 60 чалавек!
Лайфхак
Асабіста ў мяне ёсць лайфхак: калі зусім душыць журбота, я набываю квіток да Варшавы. З былымі калегамі і сябрамі збіраемся ў адным з пабаў, які абавязкова мае беларускія карані. Ведаеце, многія рэстараны і кафэ зрабілі нават такія ж рамонты, як і ў Мінску, і там працуюць тыя самыя сталічныя афіцыянты. І гэта працуе! Седзячы ў такім бары з сябрамі і калегамі, галава вяртаецца ў 2020 год — час, калі мы ведалі адзін аднаго. Я сумую па тых суботах, калі беларусы ладзілі сустрэчы ў дварах сваіх дамоў. У адным двары праводзілі кінапрагляд, у другім — гульні для дзяцей, у трэцім — суседзі спаборнічалі, у каго самыя смачныя бліны…
Выходзіш з бара, дзьме ветрык, і адразу як быццам перамыкае ў галаве — мозг разумее, што гэта паветра суседскае, не радзімы.
Але як яшчэ падтрымліваць сувязь з Беларуссю ў выгнанні, калі не размовамі з беларусамі і пра Беларусь?
Зразумела, мы ўсе чытаем навіны і гадзінамі слухаем тых, хто ўнутры «бурбалкі», унутры краіны. Але, ведаеце, з цягам часу абмяркоўваць жыцце з імі становіцца ўсе складаней і складаней. Сувязь ірвецца. Магчыма, вы ведаеце, што рабіць? Напішыце.
Ці вернемся мы?
Вечарамі я гартаю Google Maps і сачу, як змяніўся мой родны горад. Шукаю месцы свайго дзяцінства, слухаю музыку тых часоў і шмат гуляю ўздоўж Даўгавы. Вы ж памятаеце, што гэта і мая рака таксама? А вось мой сябра, калі яму дасылаюць фотаздымкі яго дома, сумуе. Ен нават папрасіў больш не дасылаць іх. У кожнага баліць па-рознаму, і гэта нармальна.
«Я з’ехаў, каб не быць ашуканцам, — кажа мой сябра. — Гэта ўнутраная і фізічная эміграцыя ад чырвона-зялёнага».
Ведаеце, у нас, эмігрантаў, есць посттраўматычны стрэсавы разлад — вельмі цяжка з’ехаць са сваёй радзімы. Але жыцце ў выгнанні яшчэ цяжэй: першыя гады ты проста спрабуеш зразумець, як усё працуе ў новай краіне. Натуральна, узровень жыцця падае ў некалькі разоў. Кожны эмігрант сумуе па сваёй кватэры, па тых шпалерах, якія ён так старанна выбіраў…
Адзін з маіх суразмоўцаў падкрэсліў, што толькі праз тры гады жыцця ў новай краіне ў яго з’явілася адчуванне вяртання кантролю над сваім жыццем. І я згодзен з ім. Гэтыя візы, часовыя віды на жыхарства, моўныя іспыты, пошук працы — гэта сапраўды адбівае жаданне жыць. Цікава, але лепш за ўсё ў эміграцыі дзецям. У майго сябра два хлопцы, і ў кожнага з іх больш знаёмых у новай краіне, чым у Мінску. І яшчэ момант: мая дачка жыве ў эміграцыі трэцюю частку свайго жыцця. І з кожным днём гэтая частка ўсё большае і большае…
Кожны з эмігрантаў задаецца пытаннем: ці вернемся мы?
Мая жонка лічыць, што не. А я лічу, што абавязкова! Але як прыме нас краіна?
Вяртацца дамоў — гэта новая порцыя стрэсу. А як быць з дзецьмі, якія пускаюць свае карані ў новай краіне? Зараз Беларусь замерла — жыццё ў ей, як жыццё на апараце штучнай вентыляцыі легкіх. Краіне так не хапае народа, які быў выгнаны тым, хто паабяцаў служыць, а ўявіў сябе гаспадаром.
Як бы там ні было, мы, беларусы ў выгнанні, цешымся кароткімі сустрэчамі з сябрамі на аўтавакзалах і вельмі захапляемся, калі хто-небудзь перадае з радзімы пачастункі ад сваякоў. Важна не страчваць сувязь з тым, што нам дорага, і працягваць жыць, успамінаючы пра тое, адкуль мы прыйшлі. І калі ў вас ёсць лішнія кабачкі, аддайце іх беларусу.
Ведаеце, калі ты эмігрант, ты вымушаны заўсёды набываць яблыкі.