Два гады вайны. Уцекачы з Украіны і Беларусі (разам) будуюць новае жыццё ў Рызе

Я вельмі добра памятаю 24 лютага 2022 года: я журналіст і знаходжуся ў навінавай павестцы. Мы з калегамі з Украіны ўдзельнічалі ў Рызе ў адным з семінараў. І калі прагучала «пачалася поўнамаштабная вайна» — на нейкі момант у нашай прасторнай люднай зале наступіла звонкая цішыня. Вельмі выразна ў маёй галаве падзяліўся час тады на «да» і «пасля».

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Калі я гляджу на нашу сённяшнюю гераіню — маленькую, крохкую, прыгожую, але вельмі моцную і харызматычную Дар’ю Калашнікаву, то думаю пра тое, што яна для мяне — сапраўдная дачка ўкраінскага народа. Менавіта так я ўяўляла сабе ўкраінскіх жанчын. Ёсць такое слова — «незламні» — нязломныя. Гэта пра іх.

Бежанка з Луганска з 2014 года, Дар’я Калашнікава выбрала Латвію абсалютна выпадкова — прыехала паглядзець упершыню ў жыцці — і засталася. У гісторыі Латвіі, у яе знакамітых людзях дзяўчына ўбачыла натхненне для ўкраінскага народа. Яшчэ ў 2016 годзе Дар’я купіла ў кнігарні ў Тарту кнігу Валдзіса Затлерса і засталася пад уражаннем. Ёй стала цікава, і ў 2022 годзе яна прыехала ў Рыгу.

Карціны, муралы, выступленні з перформансам, сацыяльна-палітычны актывізм. А цяпер — і першая кніга прозы «Цень і мора» (Ēna un jūra), якая выйшла ў перакладзе на латышскую мову і была паспяхова прэзентавана ў Рызе ў Тэатры на Гердтрудэс.

З Дар’яй у нас атрымалася вельмі глыбокая і няпростая размова. Быў момант, калі мы абедзве заплакалі, прычым хавалі гэтыя слёзы адна ад адной — мы ж моцныя, нам нельга! — і моцна абняліся на развітанне. Усё не перакажу — сёе-тое застанецца за кадрам — у гэтым артыкуле пра важнае я буду казаць голасам Дар’і.

Пра кнігу

«Я ўкраінка, жыву ў Рызе амаль два гады, і ва ўспрыманні тэксту я абапіраюся на аўдыторыю, на мове якой выйшла кніга. Гэта даніна павагі краіне, якая прытуліла нас, уцекачоў. 50 на 50 — гісторыя Латвіі і гісторыя Украіны. Я пішу пра наша жыццё. Уцекачы ад вайны — гэта не палітычныя ўцекачы. Яны не былі гатовы. Ты мыў рукі раніцай або чысціў зубы, збіраючыся на працу — а ў наступны момант раптам стаў уцекачом. Расказваю аб тым, як людзі спраўляюцца са складанымі жыццёвымі абставінамі, у якіх яны апынуліся. Гэты канцэпт універсальны і зразумелы і латышу, і ўкраінцу.

Кніга «Цень і мора» напісана на дакументальнай аснове, але я фіксую не факты, а абмеркаванне падзей рознымі людзьмі, мае размовы часам са старэйшым пакаленнем, часам з аднагодкамі, часам з людзьмі, малодшымі за мяне. Напрыклад, як на Чэмпіянаце свету па футболе ў снежні 2022 года выбег на поле чалавек у цішотцы, на адным баку якой напісана «Падтрымаем жанчын Ірана», а на другім — «Свабода Украіне! Украіна пераможа!». І калі мы гэта абмяркоўваем, ягоны ўчынак ўзнімае розныя эмоцыі. Бо ва Украіне Расія выкарыстоўвае іранскую зброю, гэта нянавісць, а ў той жа час — падтрымка жанчын і захапленне імі».

Пра мову, мастацтва і палітыку

«Украінская мова — гэта ключ. Яна заўсёды была супермодная: мэйнстрым, класны кантэнт, рэп, найлепшая музыка, літаратура — сучасная, крутая, якая адлюстроўвае рэальнасць. Ёсць дастаеўшчына, а ёсць пісьменнік, музыка, лідэр пратэснага руху Сяргій Жадан, які піша актуальна пра тое, што тут і зараз. Ён сусветна вядомы. Яго родны горад Старабельск Луганскай вобласці акупавалі ў 2022 годзе. Я выкарыстоўваю любыя інструменты — розныя віды творчасці, актывізм, маркетынг, фандрэйзінг для дапамогі ўкраінскай арміі — каб дасягнуць сваёй мэты, распавесці праўду пра Украіну і дапамагчы ёй перамагчы».

Пра стасункі беларусаў і ўкраінцаў да 2022-га

«У 2020 годзе, знаходзячыся ва Украіне ў лакдаўне, я назірала за вашым пратэсным рухам. Па першым часе мы думалі, куды вам заданаціць (такая наша нацыянальная рыса), а вам нельга, не было дастатковых механізмаў, каб дапамагчы. Калі прыехалі першыя беларускія ўцекачы, мы пачалі дапамагаць. У цэнтры Кіева на Крэшчаціку павесілі бел-чырвона-белыя сцягі, тады, у жніўні 2020-га.

Мне запомніўся адзін момант. На адным з відэа з беларускіх пратэстаў жанчына на вуліцы сказала журналісту: «Мы за дэмакратыю, мы хочам памяняць прэзідэнта, мы за свабоду слова. Але хаця б не было Майдана». І ў гэты момант я зразумела:

многія беларусы ні-чо-га не ведаюць пра Майдан.

Пошук вашай дэмакратыі — гэта выключна ваша ўнутраная справа, унутраная барацьба, дапамагайце сабе самі, мы з боку можам толькі натхняць, а не ўводзіць танкі, таму што ўвесці танкі можа і Расія…

Мы нашу ўнутраную свабоду адстаялі на Майданах двойчы. Наша першае патрабаванне было — памяняць Канстытуцыю, каб даць больш паўнамоцтваў ўкраінскаму парламенту і стварыць змешаную рэспубліку. І двойчы гэтае патрабаванне ўлада выконвала.

У 2011-м лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Аляксандра Мацвійчук праводзіла ў Луганску палітычны трэнінг, на які яна прыехала ў майцы «Свабоду Алесю Бяляцкаму» — у падтрымку беларускага Нобелеўскага лаўрэата 2022. Мы вучыліся доўгатэрміновым пратэстам у тым ліку каб быць заўжды гатовымі, як сябе паводзіць і што рабіць. І ў маёй кнізе ў размовах з беларусамі я дзялюся нашым пратэсным досведам. Ланцужкі перадачы кампетэнцый адно аднаму, стварэнне кам’юніці — вось што важна».

2022. Поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну

«Уцякацтва знаёма мне з 2014 года. Тады я страціла родны горад з-за акупацыі расійскімі вайскоўцамі. І гэта была такая дваістасць: адначасова ж з гэтым Майдан перамог. Калі ў 2022 годзе ў Рызе я сустрэла беларускіх палітычных уцекачоў, я дакладна разумела, што яны страцілі свой дом гэтак жа, як я ў Луганску.

Мяне нельга абвінаваціць у тым, што я прарасійскі серапатыст толькі на той падставе, што я — з Луганска. Тое самае і з беларусамі. Я супраць клішэ.

Я напісала кнігу з той мэтай, каб паказаць, што уцякацтва, грамадзянства і месца жыхарства — нічога не значыць, таму што за «статусам» хаваецца ўнікальны жывы чалавек. Палітычныя актывісты з Беларусі не нясуць адказнасці за дзеянні цяперашняга беларускага рэжыму.

Аднак уявіце сабе сітуацыю ў Кіеве. Кіеўская вобласць мяжуе з Беларуссю, і ў любы момант, калі ў Беларусі ўзлятаюць «МіГі», у Кіеве паветраная трывога, паралізавана ўсё: банкі, дзіцячыя сады, установы. І гэта здараецца разоў восем за дзень. Для жыхароў украінскіх рэгіёнаў, якія мяжуюць з Беларуссю, «МіГі» з беларускай тэрыторыі — гэта як катаванне, як капаючая вада.

І яшчэ — у Беларусі размешчана тактычная ядзерная зброя. Украінцы памятаюць Чарнобыль, і тое, што няма масавых пратэстаў супраць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі — гэта для ўкраінца дзіўна. Таму калі ўкраінец сустракае за мяжой беларуса і не хоча з ім размаўляць — трэба гэта прыняць. Так склалася сітуацыя, уявіце сабе яго псіхалагічны стан на працягу двух гадоў».

Пра адчуванне дома і віртуальную сям’ю

«Мой дом у кнігах, у людзях. Дарэчы, людзі, з якімі вы, беларусы, праходзілі пратэст у 2020-м, стануць для вас сапраўднай сям’ёй. Яны засталіся ў той памятнай кропцы, дзе ёсць яшчэ ваш горад, ваша краіна — да таго, як яны пагрузіліся ў жах і змрок.

Мы адно аднаму апора і падтрымка. Мае аднакласнікі, землякі, луганскія журналісты.

Не, не ўсё будзе добра — усё будзе так, як мы зробім, і гэта прынцыповы канцэпт.

Мы не маем зносіны «для галачкі», мы працуем выразна пад задачу. Я магу напісаць у чат луганчан, якіх рассеяла па ўсім свеце, нават у тры гадзіны ночы, каб вырашыць пытанне, напрыклад, як забраць машыну для вайскоўцаў з мяжы і давезці проста да Краматорска. І сярод луганчан знаходзіцца мужчына, які вырашае гэтае пытанне. Мы — каманда незалежна ад таго, у якой краіне мы знаходзімся, мы адно для аднаго — віртуальная сям’я».

* * *

Пакуль я дапісвала гэты артыкул, прыйшла навіна пра тое, што кніга «Цень і мора» намінаваная на самую статусную прэмію дызайну Латвіі Zelta ābele. Жадаючы поспехаў Дар’і, я адначасова жадаю перамогі Украіне. І ведаю, што ўсё атрымаецца, бо яны — незламні.

Памылка ў артыкуле?

Вылучыце тэкст і націсніце Ctrl+Enter, каб даслаць выпраўлены фрагмент тэксту рэдактару!

Калі ласка, вылучыце ў тэксце адпаведны фрагмент і націсніце Паведаміць пра памылку.

Падобныя артыкулы

Яшчэ