Як у Беларусі судзяць мёртвых і пужаюць жывых

Ведаеце, дарагія чытачы, мне хацелася б расказваць вам толькі пра добрае. Напрыклад, што ў Рызе выпаў першы снег (і нічога, што хутка растаў, затое на душы стала бела-бела!), і што Латвія шчыра і мірна адзначыла Дзень Лачплесіса і свой дзень нараджэння. Аднак ёсць некаторыя праблемы: па-першае, я з Беларусі, па-другое, калі шмат чытаеш, разумееш, што свет стаіць на парозе Трэцяй сусветнай. І — самае галоўнае — для журналіста не бывае навін дрэнных ці добрых.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

Ёсць інфармацыя, якую ён павінен паказваць аб’ектыўна, як факт. А факты — вельмі ўпартыя. Нядаўна споўнілася 1000 дзён з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Гэтая тысяча сутак праляцела, як адно імгненне, а знесла з сабой тысячы і тысячы жыццяў, зламала незлічонае мноства лёсаў і, што самае страшнае — невядома, калі ж зачыніцца гэтая скрыня Пандоры, якая прыносіць няшчасці.

А тым часам звар’яцелыя дыктатары-дзяды прыдумваюць усё новыя спосабы сысці з глузду. КНДР накіроўвае Расіі на дапамогу сваіх салдат. Хто-небудзь можа мне растлумачыць, у чым сэнс для паўночных карэйцаў — паміраць за чужую, нават не сваю, зямлю? Як гэта працуе, чаму таталітарныя сістэмы ўладкаваныя менавіта так? Пуцін у чарговы раз вырашыў памахаць перад носам усяго свету ядзернай зброяй, прыцягнуўшы ў свае планы яшчэ і маю Беларусь.

Суды над мёртвымі, ці Да чаго прыводзіць культ вайны

Ёсць з’ява, якая існуе ў маёй краіне ўжо даволі даўно, і кожны раз, калі я збіралася пра яе напісаць, мне не хапала сіл яе асэнсаваць. Паколькі ўжо некалькі гадоў у Беларусі судзяць не толькі жывых, але і... мёртвых.

Крымінальная справа аб генацыдзе насельніцтва Беларусі падчас Другой сусветнай (рэжым яе называе Вялікай Айчыннай) вайны была ўзбуджана генеральнай пракуратурай Беларусі яшчэ ў красавіку 2021 года.

Вярхоўны суд Беларусі вядзе працэсы супраць памерлых людзей па абвінавачанні ў генацыдзе. Выносіць вердыкты:  «вінаваты», але пакаранне не прызначаецца

(у асабліва цяжкіх выпадках арт. 127 Крымінальнага кодэкса Беларусі прадугледжвае расстрэл). Напрыклад, нядаўна Вярхоўны суд пачаў разглядаць чарговую крымінальную справу. Канстанцін Смоўскі, які памёр у 1960 годзе, абвінавачваецца ў генацыдзе беларускага народа, паколькі 118-ты шуцманшафт-батальён, які ён узначальваў, удзельнічаў у карнай аперацыі ў Хатыні.

Але які сэнс судзіць мёртвых?

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед тлумачыць: «Вынікі расследавання лягуць у аснову ідэалагічнай навучальна-выхаваўчай і інфармацыйнай работы. Каб праз разуменне гісторыі захаваць пераемнасць паміж пакаленнямі і памяць народа, вывучэнне генацыду беларускага народа варта ўпісаць ва ўсе абавязковыя адукацыйныя праграмы».

Паважаныя жыхары Латвіі,

ці можаце вы ўявіць, як вашым дзецям у школе распавядаюць пра суды над мёртвымі людзьмі ў... навучальна-выхаваўчых мэтах? Як можна было наогул да такога дадумацца?

У мяне ёсць адказ на гэтае пытанне, я пісала пра гэта. З самага ранняга дзяцінства мне і падобным да мяне ўлады прывівалі культ не міру, а вайны. І тое, што адбываецца ў нашым рэгіёне цяпер, — заканамерны вынік гэтай шматгадовай ідэалагічнай стратэгіі.

«Перадвыбарчыя» вучэнні сілавікоў — бі сваіх, каб чужыя баяліся!

Жывым, аднак, таксама не да жартаў — не толькі мёртвым. Мы ўжо пісалі пра тое, што Аляксандр Лукашэнка запланаваў сваё пераабранне 26 студзеня 2025 года.

Відавочна, памяць пра пратэсты пасля выбараў 2020 года ўсё яшчэ свежая і не дае кіраўніку спакою. Інакш не растлумачыць праведзеныя ў Беларусі вучэнні Міністэрства ўнутраных спраў па «адпрацоўцы практычных дзеянняў па спыненні групавых парушэнняў грамадскага парадку». З-за іх чатыры працоўныя дні ў Мінску і па ўсёй Беларусі перакрывалі вуліцы, стараючыся прадэманстраваць «гатоўнасць да аператыўнага рэагавання на магчымыя ўскладненні абстаноўкі ў краіне падчас выбарчай кампаніі».

Прадэманстраваць — каму? Мясцовым, вядома. Каб яны ўжо цяпер, у лістападзе 2024 года, ідучы на працу або ў краму, думалі не пра падарункі дзецям на Раство, а пра тое, як некалькі месяцаў, да канца студзеня 2025 года, паводзіць сябе на вуліцы, каб сілавікі не западозрылі іх у «экстрэмісцкай» дзейнасці і, галоўнае, не забыцца, як правільна прагаласаваць за Лукашэнку. Прычым гэтыя манеўры былі запланаваныя яшчэ ў ліпені 2024 года — па прынцыпе рыхтуй сані летам.

Успамінаецца беларуская прыказка «бі сваіх, каб чужыя баяліся». Міліцыянеры ў таталітарнай дзяржаве пакліканы не абараняць грамадзян ад бандытаў і злачынцаў. Па сутнасці, наадварот. Таму ўцекачы з падобных краін часта шарахаюцца на вуліцы ад любога чалавека ў паліцэйскай або вайсковай форме, нават калі яны ўжо шмат гадоў жывуць у іншай, бяспечнай краіне. Страх перад сілавікамі і ўладай укараняецца настолькі глыбока, што, хай і аслаблены, але застаецца назаўсёды.

* * *

Як жа журналісты, асабліва якія пішуць навіны, і прадстаўнікі іншых прафесій, што кожны дзень сутыкаюцца з людскім болем, стратамі і катастрофамі, спраўляюцца з гэтым? Як сэрцы не разрываюцца ад усведамлення велізарнай колькасці трагедый? Ратуюць сапраўды добрыя навіны: напрыклад, нараджэнне немаўля-беларусіка ў цудоўнай маладой сям’і, якая знайшла свой другі дом у Латвіі.

Мабыць, варта заўсёды памятаць пра тое, што акрамя смерці існуе яшчэ і новае жыццё, акрамя страху — любоў і надзея. І, вядома, вера — у тое, што здаровы сэнс усё ж такі пераможа.

Памылка ў артыкуле?

Вылучыце тэкст і націсніце Ctrl+Enter, каб даслаць выпраўлены фрагмент тэксту рэдактару!

Калі ласка, вылучыце ў тэксце адпаведны фрагмент і націсніце Паведаміць пра памылку.

Падобныя артыкулы

Яшчэ