Навошта расстрэльваць паэзію, ці Чаму дыктатары так не любяць кнігі

Канец кастрычніка ў Латвіі — час памяці. У Рызе пройдзе «Вяртанне імёнаў» у памяць пра ахвяраў таталітарнага камуністычнага рэжыму. Беларусы Латвіі таксама збяруцца, каб узгадаць ахвяр сталінскіх рэпрэсій: у Беларусі ўрокі гісторыі не засвоены, расце колькасць палітвязняў і працягваюцца ганенні на іншадумцаў.

● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.

ПАМЯЦЬ

● 29 кастрычніка ў 17:00 на Плошчы латышскіх стралкоў ля помніка «Тактыльная гісторыя» ў Рызе пачнецца акцыя «Вяртанне імёнаў».
● 26 кастрычніка ў 14:00 Латвійскае таварыства беларускай культуры «Світанак» прапануе беларусам у Рызе ўшанаваць памяць расстралянай у 1937 годзе інтэлігенцыі. Сустрэча пройдзе ў будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі на вул. Слокас, 37 у Рызе.
● 30 кастрычніка ў 18:00 аб’яднанне беларусаў Латвіі SUPOLKA запрашае ўсіх жадаючых на літургію памяці загінулых у Чорную ноч 1937 года ў капліцы храма Маці Божай Журботнай (Рыга, вул. Пілс, 5).

Дыктатура — яна такая. Часы мяняюцца, імёны іншыя, сутнасць застаецца той жа. Чытаеш беларускую стужку навінаў — і нават не верыцца, што цяпер 2024 год, а не зноў 1937-мы. Спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», забароненыя кнігі... Ці могуць жыхары Латвіі, якія жывуць у XXІ стагоддзі, уявіць сабе такое? А я магу. Мне і ўяўляць не трэба: гэта рэальнасць — мая і маіх землякоў.

Чорная ноч 1937-га, якую нельга забыць і дараваць

З 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў падвалах мінскай турмы НКУС былі расстраляны і пахаваны ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — літаратары, урачы, настаўнікі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі навукі і культуры. Ужо 87 гадоў прайшло з той ночы, але, здаецца, світанак пасля яе так і не надышоў.

У Беларусі да гэтага часу няма афіцыйнай даты памяці ахвяр вялікага савецкага тэрору,

які пачаўся з прыходам да ўлады бальшавікоў у 1917 годзе і скончыўся са смерцю Сталіна — у 1953-м. Архівы КДБ да гэтага часу закрытыя, і дакладна нічога не вядома. Ёсць толькі прыкладныя падлікі з вельмі рознымі вынікамі. Так, толькі ў Курапатах з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС расстралялі ад 30 да 250 тысяч чалавек. Усяго ж за чвэрць стагоддзя ў Беларусі былі рэпрэсаваныя 600 тысяч людзей. Гэта — «як мінімум». Па іншых ацэнках, іх колькасць дасягае 1,4 мільёна.

Сярод забітых у Чорную ноч было 22 літаратары. Многія з іх былі зусім маладымі людзьмі. Найстарэйшаму рэпрэсаванаму пісьменніку Янку Нёманскаму было ўсяго 47 гадоў. А, напрыклад, Юлію Таўбіну — толькі 26. Тодару Кляшторнаму — 34 гады. Анатолю Вольнаму — 35.

Таўбін, адзін з найталенавіцейшых беларускіх паэтаў яўрэйскага паходжання, калі яму быў усяго 21 год, напісаў, як моцна ён хоча жыць і як шмат у яго на гэтае жыццё планаў. Але верш зваўся... «Смерць». Як быццам аўтар прадчуваў свой злы лёс:

Калі я буду паміраць і рабіцца дакучным целам…
А я хачу, каб гэта было не хутка, — таму
Я цяпер хачу жыць, жыць, —
жыць жыццём, аднаму мне зразумелым,
Жыццём, уласцівым толькі мне аднаму.

У таталітарным грамадстве чалавек не належаў сабе, ён быў палівам для вялізнай ідэалагічнай машыны, таму так часта нашы бязвінна забітыя таленты пісалі пра гэта. Яны хацелі быць свабоднымі хаця б у вершах — але нават гэтага сталінскі рэжым ім не дазволіў.

Я часта перачытваю вершы рэпрэсаваных паэтаў. Бо яны заплацілі жыццём за тое, каб я зараз змагла гэта рабіць. І аднойчы — я пра гэта мару, наведваючы курсы латышскай мовы C1! — я змагу перакласці гэтыя творы і для вас, каб і вы маглі падзяліць са мной боль майго народа. Упэўнена, вы нас зразумееце — у людзей Беларусі і людзей Латвіі ў гісторыі шмат агульных старонак.

Што ж такое «экстрэмізм» на думку дыктатуры?

У сучаснай Беларусі Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў налічвае — на секундачку — 1291 (!) старонку, і ён рэгулярна папаўняецца. Ёсць у гэтым спісе і кнігі. Сімптаматычна, калі вы адкрыеце дакумент, то першым забароненым пунктам вы ўбачыце... CD-дыск «Урок беларускае мовы». Вось ужо дзе сапраўды «экстрэмісцкі» матэрыял!

Сярод «забаронкі» — больш за 20 мастацкіх і навукова-публіцыстычных кніг.

Некаторыя з іх я некалі праходзіла ў школе, а пазней і ва ўніверсітэце. Напрыклад, творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай. Гэта класікі беларускай літаратуры. Яны пісалі пра тое, як любяць сваю родную зямлю.

Але завошта ж рэжым так неўзлюбіў раней шанаваных аўтараў? Яны пісалі пра свабоду асобы, незалежнасць свайго народа і любоў да роднае зямлі. На роднай мове — беларускай. Вось і ўся іх віна.

* * *

Ведаеце, калі мы сярод сяброў абмяркоўваем, што сучасныя дзеці мала чытаюць ці зусім не чытаюць кнігі, таму што ім цікавей у Інтэрнэце, і наогул новае пакаленне лепш успрымае візуальны матэрыял, відэа, чым тэкст у кнізе, я задумваюся. Бо некаторыя, як малады паэт Юлій Таўбін, былі расстраляныя за сваю творчасць. Камусьці, як мне, напрыклад, давялося ўцякаць з роднай краіны. Кнігі важныя, бо ў іх заключаны цэлыя жыцці і эпохі. Мусіць, нам варта тлумачыць гэта нашым дзецям часцей. Каб яны памяталі цану свабоды.

Памылка ў артыкуле?

Вылучыце тэкст і націсніце Ctrl+Enter, каб даслаць выпраўлены фрагмент тэксту рэдактару!

Калі ласка, вылучыце ў тэксце адпаведны фрагмент і націсніце Паведаміць пра памылку.

Падобныя артыкулы

Яшчэ