● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
«Буквы разные писать тонким пёрышком в тетрадь учат в школе, учат в школе, учат в школе».
Менавіта песняй Міхаіла Пляцкоўскага адкрывалася лінейка на 1 верасня, дзень ведаў, у беларускай школе, дзе я вучылася. Гэта было вельмі даўно, аднак у сучаснай беларускай школе мы пачуем у гэты дзень такія ж песні, як і дзесяцігоддзі таму. Добра гэта ці дрэнна, што ў сістэме адукацыі Беларусі па сутнасці нічога не змянілася, толькі замест гісторый пра добрага дзядулю Леніна цяпер, умоўна кажучы, гісторыі пра добрага Лукашэнку? Замест піянерыі і камсамола — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, замест чырвоных гальштукаў — чырвона-зялёныя. Тут усё зразумела — гэтая савецкая песня добрая, пачынай спачатку. А якая — беларускімі вачыма — школа ў сучаснай Латвіі?
Рэха савецкага мінулага і новыя тэхналогіі
У сям’і беларусаў Паліны і Мікалая (імёны зменены) трое дзяцей: 8 гадоў, 5 гадоў, 1 год. Малодшае дзіця нарадзілася ў Латвіі. Маладая пара жыве тут ужо два гады, эвакуіравалася, баючыся пераследу рэжымам Лукашэнкі —
за палітычную актыўнасць у мамы і таты пагражалі адабраць дзяцей.
Паліна — прыгожая маладая жанчына, вельмі спакойная, разважлівая. Гледзячы на яе,
нізавошта не скажаш, што сям’і давялося перажыць велізарныя цяжкасці.
«Старэйшае дзіця наведвала сад, затым 1 клас. Сярэдняе ходзіць у сад. Сад мы не выбіралі, звярнуліся ў Міністэрства адукацыі з просьбай выдзеліць месца дзецям у адукацыйнай установе. Нам далі накіраванне ў дзіцячы садок паблізу ад арандаванага жылля, — распавядае Паліна. — Спачатку абодва дзіцяці хадзілі ў групы з рускай мовай навучання. На другі год я перавяла малодшага ў латышскую групу.
Калі адукацыю плануюць цалкам перавесці на латышскую, трэба рыхтаваць да гэтага дзяцей. І потым, у рускай групе былі дзеці ўсіх узростаў адначасова, а гэта аказалася складаным для малодшага. Ды і з выхавацелем у мяне здараліся спрэчкі пра Лукашэнку.
У латышскай групе ў дзіцяці ёсць моўныя праблемы, але гэта непазбежны этап».
Летась школу для старэйшай дзяўчынкі сям’я выбрала па прынцыпе «побач з домам». Па збегу абставін, там аказалася руская мова навучання. З першага класа агульныя прадметы выкладаюцца на латышскай мове, у цэлым навучанне вядзецца на трох мовах: рускай, латышскай і англійскай.
«Я лічу такую сістэму адукацыі правільнай, але вельмі складана было асвойваць праграму, — дзеліцца Паліна. — Дзіця пайшло ў школу, не ўмеючы чытаць і пісаць, паколькі з-за нашых праблем у Беларусі і пераездаў мы не змаглі надаць належнай увагі падрыхтоўцы да школы. Падручнік па рускай мове і літаратуры за 1 клас імкнецца да савецкай традыцыі, але гэта, мусіць, непазбежна. Там або савецкія тэксты і вершы, або сучасныя расійскія. Прыемна здзівілі электронны адукацыйны партал, электронны дзённік, электронныя кантрольныя работы анлайн. У той час, калі я вучылася, у беларускай школе такога не было.
Падручнікі тут выдаюць бясплатна, у Беларусі ж за іх трэба плаціць.
У школе негатыўнага стаўлення ў сувязі са статусам і нацыянальнасцю да нас няма.
Далі нават бясплатнага рэпетытара па латышскай».
Пераезд даўся дзецям значна цяжэй за дарослых
«У цэлым дзеці перажываюць адаптацыю і пераезд цяжэй, чым я меркавала. Вывучэнне мовы дзецям даецца складаней, чым нам, дарослым, — перажывае Паліна. — Пяцігадоваму сыну цяжкавата ў латышскай групе дзіцячага садка. Яму складана знайсці сяброў, ён большую частку часу маўчыць, не камунікуе ні з кім, гуляе адзін у групе. На занятках у садзе яму цяжка вучыць вершы на латышскай мове, у яго не атрымліваецца. Кажуць, што дзеці ловяць замежныя мовы “з лёту”, але гэта аказалася не так. Са старэйшай дзяўчынкай вучым-вучым словы па вечарах, а на раніцу яна ўсё забываецца. Спадзяемся, што з часам гэтая праблема вырашыцца».
Вельмі карыснымі для вывучэння латышскай мовы Паліна лічыць гульні і іншыя навучальныя матэрыялы на адукацыйным партале. Малым вельмі падабаецца вучыць літары ў раздзеле, прысвечаным дзеткам да 6 гадоў.
Цяпер сям’я думае аб тым, каб у надыходзячым навучальным годзе ўзяць для сваёй другакласніцы рэпетытара ў першую чаргу па латышскай мове. Паліна лічыць, што ўзровень выкладання англійскай і латышскай моў у школе, дзе вучыцца яе дачка, моцна адрозніваецца: «З англійскай усё прасцей, выцягнем самі, а латышскую нам самім ну ніяк… І мы не ўпэўненыя, што дзіцяці дакладна дапаможа рэпетытар».
Я слухаю гісторыю маіх герояў, і я разумею: яны абавязкова справяцца.
А потым я адкрываю стужку латвійскіх навінаў — і яе чытанне прыводзіць мяне да ўспамінаў пра мой сціплы настаўніцкі досвед у Беларусі. І да непазбежных параўнанняў «тут» і «там».
Немагчыма ўявіць, што ў сучаснай беларускай школе настаўнікі маглі б выйсці на страйк, патрабуючы павышэння заробкаў і змены сістэмы адукацыі. У таталітарнай дзяржаве, дзе нельга збірацца публічна больш за тры чалавекі, гэта могуць палічыць несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, і ўдзельнікаў могуць пасадзіць у турму.
У Латвіі грамадзянская супольнасць актыўна ўзаемадзейнічае з дзяржавай, спрачаецца, страйкуе, нават крычыць і абураецца. Дэмакратыя, гэтак жа, як і
адукацыйная сістэма — гэта жывы арганізм. Ён хварэе, ён шукае схемы лячэння, што часам дапамагаюць, а часам не, і тады пошук пачынаецца нанова.
У Беларусі сфера адукацыі — гэта цвёрдакаменная сцяна, якую не прабіць ніякімі, нават самымі цвёрдымі і разумнымі, ілбамі. Ва ўсіх школах аднолькавыя падручнікі і педагагічныя прынцыпы, планы-канспекты ўрокаў для настаўнікаў прадаюцца ўжо гатовымі: бяры, чытай па пісаным, табе ж прасцей, не трэба крэатывіць, спрабаваць зацікавіць вучняў сваім прадметам, усё адобрана зверху. Так ва ўсім — звычайная гісторыя задушанага таталітарызмам грамадства.
...Пакуль я пішу гэты артыкул, вырашаю патэлефанаваць сяброўцы-ўкраінцы, якая ўцякла з двума дзецьмі ад жорсткай вайны, развязанай Расіяй. Спытаю, як рыхтуюцца да новага навучальнага года яе малыя ў адным з невялікіх гарадоў Латвіі.
«Крепко-накрепко дружить, с детства дружбой дорожить учат в школе, учат в школе, учат в школе».