► Па-беларуску ► In English ● Latviski ► Po polsku ► На русском ► Українською
У знак гэтай падзеі Еўрапейская сетка памяці і салідарнасці (European Network Remembrance and Solidarity, ENRS) штогод праводзіць шэраг ініцыятыў, накіраваных на павышэнне дасведчанасці пра Халакост і ўсведамленне яго наступстваў.
Аўшвіц-Біркенаў каля польскага мястэчка Асвенцім быў найбуйнейшым быў найбуйнейшым нацысцкім канцэнтрацыйным лагерам і цэнтрам знішчэння. У перыяд з 1940 па 1945 гады ў ім было забіта каля мільёна яўрэяў і сто тысяч чалавек іншых нацыянальнасцей, у асноўным палякаў, цыган і савецкіх ваеннапалонных. Метадычнае знішчэнне ў лагеры працягвалася да канца яго функцыянавання. 18 студзеня 1945 года, за некалькі дзён да ўступлення Чырвонай арміі ў Асвенцым, быў аддадзены загад пра эвакуацыю: каля 60 000 зняволеных былі вымушаныя адправіцца ў знясільваючы марш смерці, у якім загінула каля 15 000 чалавек.
Аўшвіц — сімвал Халакосту, але гэтае беспрэцэдэнтнае злачынства супраць чалавецтва адбывалася ўсюды, дзе Трэці рэйх распаўсюджваў свой уплыў. У выніку Халакосту загінула каля 6 мільёнаў яўрэяў, палова з якіх сталі ахвярамі канцэнтрацыйных лагераў і лагераў знішчэння.
У духу адказнасці за сучаснасць і клопату пра будучыню Еўрапейская сетка памяці і салідарнасці штогод бярэ ўдзел у памятных падзеях, прысвечаных Дню памяці ахвяр Халакосту. Сёлета мы запланавалі інфармацыйную кампанію на нашых каналах у сацыяльных сетках і электронных СМІ, каб распаўсюдзіць інфармацыю пра Халакост. Цягам кампаніі, якая працягнецца з 17 па 31 студзеня, мы прадставім інфармацыйныя, адукацыйныя і навуковыя матэрыялы:
- Анімацыйны фільм «Memento», прымеркаваны да Міжнароднага дня памяці Халакосту;
- фільм «Праведная дыпламатыя» (2021), прысвечаны дыпламатам, якія адыгралі важную ролю ва ўратаванні тысяч яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны. Фільм з’яўляецца часткай адукацыйнага партфоліа «Дыпламаты, якія ратавалі яўрэяў», размешчанага на партале Hi-story Lessons;
- Адукацыйны пакет на тэму Халакосту, што ўключае планы ўрокаў і кіраўніцтва для настаўніка. Урокі, заснаваныя на прапанаваных сцэнарах, будуць суправаджацца пытаннямі аб чалавечай прыродзе, устаноўках і паводніцкіх механізмах у экстрэмальных умовах, а таксама аб волі да выжывання і сіле супрацьстаяння злу;
- Даведнік па перасоўнай выставе «Паміж жыццём і смерцю. Гісторыі дапамогі ў час Халакосту», якая распавядае пра невядомыя гісторыі самаадданай мужнасці і незвычайнага самаахвяравання тых, хто ратаваў яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны;
- Інтэрв'ю з адной з гераінь выставы, Эльжбетай Фіцоўскай, а таксама тэкст пра памяць, павагу і тугу па абедзвюх маці «У імя абедзвюх маці»;
- артыкул Кэрал Эліяс «Халакост і выжыванне дыяспары: наступныя пакаленні. Мінулае, сучаснасць, будучыня», а таксама матэрыял Рамана Жуховіча, прысвечаны «Ванзэйскай канферэнцыі» – сустрэчы вышэйшых службовых асоб нацысцкай Германіі і камандзіраў Шутцштафеля (СС) для ўзгаднення «канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання»;
- Інтэрактыўная мапа, прысвечаная Ванзэйскай канферэнцыі і яе наступствам;
- Кранальны перформанс удзельнікаў сёлетняга праекта «Sound in the Silence», якія ператварылі веды, атрыманыя падчас наведвання мемарыяльных месцаў, ва ўнікальнае відовішча, якое перадае галасы як выканаўцаў, так і ахвяраў Халакосту, а таксама развагі маладзёнаў пра ўспрыняцце гісторыі праз мастацтва;
- відэа і іншыя матэрыялы, падрыхтаваныя падчас навуковай канферэнцыі «Генеалогіі памяці 2020: Халакост між глабальных і лакальных перспектыў» (2020);
- Выпуск акадэмічнага часопіса «Remembrance And Solidarity. Studies in 20th Century European History» пад назвай «Халакост/Шоа» (2016).
Больш падрабязную інфармацыю пра кампанію Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту ў гэтым годзе можна знайсці тут.
- Еўрапейская сетка «Памяць і салідарнасць» — гэта міжнародная ініцыятыва па даследаванні, дакументаванні і распаўсюджанні ведаў пра еўрапейскую гісторыю XX стагоддзя і спосабы яе ўвекавечвання, з асаблівай увагай да перыяду дыктатур, войн і народнага супраціву прыгнёту. Краінамі-чальцамі Сеткі з'яўляюцца Польшча, Германія, Венгрыя, Славакія і Румынія, а Албанія, Аўстрыя, Чэхія, Латвія, Грузія і Эстонія маюць статус чальцоў-назіральнікаў, прадстаўленых у кіраўнічых органах Сеткі.